Мінпрацы не плануе ініцыіраваць павышэнне пенсіённага ўзросту

18 июня 2014

Мінпрацы не плануе ініцыіраваць павышэнне пенсіённага ўзросту і не займаецца распрацоўкай дакументаў, якія б прадугледжвалі такі крок. Пра гэта сёння заявіла Міністр працы і сацабароны Беларусі Мар'яна Шчоткіна, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў. Міністр адзначыла, што ў Беларусі створаныя ўмовы для таго, каб чалавек быў зацікаўлены ў прадаўжэнні сваёй прафесійнай дзейнасці пасля дасягнення пенсіённага ўзросту.


Сёння ж дэпутаты зацвердзілі справаздачу аб выкананні рэспубліканскага бюджэту ў 2013 годзе. Як было адзначана, дэфіцыт бюджэту летась склаў крыху больш за 2 трыльёны рублёў, што выклікана праблемамі з экспартам калійных угнаенняў. Аднак, нягледзячы на цяжкасці года асноўны фінансавы дакумент краіны захаваў сваю сацыяльную скіраванасць.


Праграмы ў сферы адукацыі і аховы здароўя фінансаваліся ў поўным аб'ёме. На адукацыю было выдзелена 5 трыльёнаў 743 мільёны рублёў, на ахову здароўя больш за 4 з паловай трыльёны рублёў.