Мінскі міжнародны жаночы клуб правёў дабрачынную вячэру

21 апреля 2013

Па штогадовай вясновай традыцыі Мінскі міжнародны жаночы клуб, які аб'ядноўвае жонак паслоў, дыпламатаў і замежных бізнесменаў, правёў дабрачынную вячэру. Усе выручаныя грошы накіруюць на  дапамогу дзецям-сіротам, інвалідам, хворым людзям і малазабяспечаным сем'ям. На мерапрыемстве была і наш карэспандэнт Вольга Давідовіч.


 


Яны жонкі паслоў, дыпламатаў і замежных бізнесменаў. Знаходзіцца ў цені мужа - гэта не пра іх. У спісе добрых спраў Мінскага міжнароднага жаночага клуба дзясяткі дабрачынных праектаў. І сённяшняе мерапрыемства - гэта добрая магчымасць сабраць сродкі і знайсці новых зацікаўленых партнёраў.


Вясновая дабрачынная вячэра - адно з найважнейшых мерапрыемстваў клуба, удзел у якім прынялі пасольствы замежных краін, міжнародныя арганізацыі і прадстаўніцтвы, а таксама прыватныя спонсары. Дыпламаты, бізнесмены, творчая інтэлігенцыя - ніхто не застаўся ўбаку.


Усе выручаныя сродкі пойдуць на аказанне дапамогі абяздоленым старым, дзецям-сіротам, інвалідам - усім тым, каму асабліва патрэбна падтрымка.


Кульмінацыя дабрачыннага вечара - латарэя. Выйграць у ёй можна нават вельмі каштоўныя рэчы: карціны мастакоў, кошыкі нацыянальных пачастункаў, ювелірныя ўпрыгажэнні і шмат іншае. Кожны дыпламат, кожная краіна выставілі свой унікальны лот, некаторыя зрабілі персанальныя ўзносы. Дапамаглі з прызамі і спонсары.


Каб выручыць больш, дамы VIP-статусу самі бойка гандлявалі латарэйнымі білетамі.


Дабрачынная вячэра сабрала больш за 500 гасцей. Дамы ў вячэрніх сукенках пад руку са сваімі мужчынамі пасля фотасесіі выстраіліся ў чаргу.


Жонкі дыпламатаў у Беларусі вядуць актыўнае свецкае жыццё, шматлікія пражылі ў нашай краіне ўжо некалькі гадоў: за гэты час члены клуба сталі добрымі сяброўкамі.


Гэтым разам дыпламаты суправаджалі сваіх жонак, а не наадварот. Дамы, удзельніцы Міжнароднага жаночага клуба, пакуль іх мужчыны вырашаюць палітычныя пытанні, ажыццяўляюць у нашай краіне не менш важную місію.