Мінскі гарадскі тэхнапарк прырастае новымі рэзідэнтамі і пляцоўкамі

2 ноября 2021
Мінскі гарадскі тэхнапарк прырастае новымі рэзідэнтамі і пляцоўкамі. Так, да канца года да 40 кампаній-рэзідэнтаў далучацца яшчэ амаль 10. А па новым інвестпраекце індустрыяльны кластар сталіцы (якому на гэтым тыдні спаўняецца 10 гадоў) зойме і незапатрабаваныя тэрыторыі завода "Мотавела". Самі ж прадпрыемствы выпускаюць інавацыйную прадукцыю, попыт на якую ў нашай краіне і за мяжой. 

Пра тое, як дзякуючы інтэлекту і камфортным умовам працы развіваць бізнес, раскажа Аляксей Кандраценка. Для таго, каб трактар, камбайн або грузавік працаваў як па масле, тэхніку трэба час ад часу рамантаваць. Для кампаній, у якіх вялікі аўтапарк або якія аказваюць сэрвіс іншым, неабходна прафесійнае абсталяванне. Рэзідэнт Мінскага гарадскога тэхнапарка сам праектуе і стварае стэнды для дыягностыкі і рэгулявання дызельнай паліўнай апаратуры. Яны ўніверсальныя для любых станцый тэхабслугоўвання і таннейшыя за імпартныя.

Адна з пераваг тэхнапарка ў тым, што кампаніі сюды прыходзяць на поўнасцю гатовую інфраструктуру. А гэта як цэхі для вытворчасці, так і офісы. Плюс - крэатыўныя аднадумцы і магчымасць атрымаць парады і дапамогу экспертаў.  

Па такім прынцыпе развіваецца і кампанія, якая вырабляе электратэхнічную прадукцыю. А гэта, напрыклад, нізка- і высакавольтныя шафы, трансфарматарныя падстанцыі як для заводаў або офісаў, так і малочных ферм ці гандлёвых цэнтраў. Карацей, там, дзе патрэбна надзейнасць у энергазабеспячэнні. Арыенцір на ўнутраны рынак сябе апраўдаў: тут працуюць хутка і толькі індывідуальны падыход да кожнага. Сярод кліентаў такія гіганты як БелАЭС і Беларуськалій. 

Сёння мала хто ўспомніць, што калісьці на месцы гэтых стыльных фасадаў тэхнапарка былі незапатрабаваныя тэрыторыі былога мясакамбіната. І вось пляцоўка па вуліцы Солтыса далей расці не можа, таму ў вядучага навукова-прамысловага кластара мегаполіса яшчэ адна "прапіска". Новыя рэзідэнты будуць працаваць на Партызанскім праспекце на плошчах былых карпусоў завода "Мотавела". А гэта больш за 20 гектараў. Праект рэалізуе Мінгарвыканкам за кошт інавацыйнага фонду сталіцы. 

Мінскі гарадскі тэхнапарк працуе і на міжнародным узроўні. У планах юбіляра праекты з такімі аўтарытэтнымі кластарамі як "Вялікі камень" і расійскім "Сколкава".