Мінскі гарадскі суд вынес прысуд па забойстве Юліі Балыкінай

27 июня 2016

Сёння Мінскі гарадскі суд вынес прысуд па крымінальнай справе - забойстве лёгкаатлеткі Юліі Балыкінай.  У гэтыя хвіліны на месцы працуе наша здымачная група,  і з залы суду перадае Юрый Шаўчук (прамое ўключэнне).

Дзмітрый Вішталюк асуджаны на 23 гады пазбаўлення волі з адбываннем тэрміна ў калоніі строга рэжыму. Менавіта такім стала апошняе слова Феміды па гучнай крымінальнай справе аб забойстве спартсменкі Юліі Балыкінай.

 Дзяўчына прапала летась, пасля доўгіх пошукаў следчыя выйшлі на яе былога хлопца. Пазней Дзмітрый Вішталюк сам ва ўсім прызнаўся і распавёў храналогію той трагедыі.

Апошняе пасяджэнне суду прайшло прыкладна за 10 хвілін. Бацькоў Юліі ў зале не было, але іх стан можна зразумець. Ад інтэрв'ю яны адмаўляліся і на папярэдніх слуханнях. А вось журналістаў сёння хапала, але гэта не дзіўна, бо Балыкіна была спартсменкай, якая падавала надзеі. Другі фактар, які выклікаў такі рэзананс, - асаблівая жорсткасць, з якой была забітая дзяўчына.

Прысуд у сілу пакуль не ўвайшоў. Каб абскардзіць яго, абарона мае роўна 10 дзён.