Мінскія школьнікі сталі лепшымі на міжнароднай алімпіядзе па ментальнай арыфметыцы

9 ноября 2017

Гэтыя дзеці могуць рашыць да дзесяці прыкладаў за секунду. Сталічныя школьнікі сталі лепшымі на міжнароднай алімпіядзе па ментальнай арыфметыцы.

Турнір прайшоў у Маскве і аб'яднаў больш за дзве сотні ўдзельнікаў з васьмі краін. Яны на хуткасць рашалі складаныя прыклады, часам з дапамогай спецыяльных лічыльнікаў. Такі метад вылічэння з'явіўся яшчэ ў старажытным Кітаі і зараз зноў становіцца папулярным. Аляксандра Кавеліч пазнаёмілася з юнымі матэматыкамі.

Да дзесяці прыкладаў за секунду, песня як акампанемент. Такая незвычайная матэматыка - любімае хобі васьмігадовай Алісы.

Імгненна складаць і аднімаць дзяўчынка навучылася на занятках па ментальнай арыфметыцы.

На міжнароднай алімпіядзе ў Маскве абышла 250 удзельнікаў з 8 краін.

Сёлета з міжнароднага турніру сталічныя школьнікі прывезлі адразу некалькі медалёў. Арыфметыка для іх ператварылася ў сапраўдны спорт. Хутка рашаць прыклады вучням дапамагае асаблівы метад падліку. Дарэчы, ён з'явіўся яшчэ ў старажытным Кітаі.

Аднімаць і множыць школьнікі спачатку вучацца з дапамогай вось такіх лічыльнікаў. Іх называюць абакус. Праз некалькі заняткаў гэтае прыстасаванне становіцца віртуальным. Яго ўяўляюць вучні толькі ў сваіх думках. Такім чынам арыфметыка ператвараецца ў ментальную.

На такім нябачным калькулятары можна не толькі дзяліць і складаць, але і спраўляцца са складанымі задачамі, напрыклад, здабываць квадратны корань.

Таццяна Тарасава, настаўніца ментальнай арыфметыкі: "Нашы заняткі накіраваны на развіццё ў дзяцей лагічнага мышлення, увагі. Дзеці не толькі адпрацоўваюць тэхніку хуткага лічэння, вырашаюць лагічныя задачы. У нас ёсць практыкаванні для мозгу, брэйн-фітнес называецца. Усё гэта накіравана на тое, каб былі задзейнічаны абодва паўшар'і мозгу".

Такім чынам аднолькава развіваюцца як матэматычныя, так і творчыя здольнасці. Гэта значна дапамагае падцягнуць школьныя прадметы. Акрамя таго, развіваецца дробная маторыка, паляпшаецца памяць і ўвага.

А яшчэ з'яўляецца магчымасць праявіць сябе на міжнародным узроўні. Сталічныя школьнікі ўдзельнічаюць у ментальных турнірах па ўсім свеце. У наступным годзе плануюць адправіцца на сусветную алімпіяду ў Карэю.