Мінскія пляжы і месцы адпачынку гатовыя да адкрыцця купальнага сезона

13 мая 2016

Яшчэ да наплыву турыстаў абнавілі адразу некалькі буйных папулярных прыбярэжных зон. У першую чаргу, пляжы Цнянскага вадасховішча. Нядаўна там з'явіліся новыя альтанкі і нават варкаут-комплексы для заняткаў вулічным фітнесам. Надзея Сербіненка ацаніла гатоўнасць зон адпачынку.

Маштабнага абнаўлення другі пляж Цнянскага вадасховішча чакаў больш за пяць гадоў. Рэканструкцыя пачалася адразу пасля завяршэння мінулага пляжнага сезона. Зараз тут усё гатова да прыёму некалькіх тысяч адпачывальнікаў за дзень.

За апошні год пляж Цнянскага вадасховішча № 2 значна змяніўся. Тут з'явіліся новыя альтанкі, лаўкі, пляжныя кабінкі і 2 валейбольныя пляцоўкі. Пляж атрымаў і новую назву – зараз ён зялёны.

Пры абнаўленні зон адпачынку асаблівую ўвагу надалі забавам для адпачывальнікаў. Так, на 4 гарадскіх пляжах устанавілі пяць комплексаў спартыўнага абсталявання - турнікі, брусы і шведскія сценкі.

Мінскія эколагі ўжо на гэтыя выхадныя пачнуць інспектаваць пляжы. Разам з міліцыянерамі яны будуць правяраць, як адпачывальнікі паркуюць сваё аўто, хто стварае несанкцыянаваныя звалкі. Парушальнікаў чакаюць штрафы.

Гэтым летам у зонах адпачынку – на Мінскім моры, вадасховішчах Дразды, Крыніца і Цнянка - мінчане змогуць не толькі паплаваць і пазагараць, але і падсілкавацца. Сезонны гандаль і пункты пракату лодак і веласіпедаў пачнуць працаваць у найбліжэйшы час.