Мінскэнерга актывізуе рэйды па выяўленні самавольнага спажывання электрычнасці

3 декабря 2021

З надыходам халадоў і скарачэннем светлавога дня актывізуецца работа ў беларускіх энергетыкаў. Акрамя аператыўнай ліквідацыі аварый у электрасетках з-за непагадзі, праводзяцца і пастаянныя рэйды па выяўленні самавольнага спажывання электраэнергіі. Многія праверкі раптоўныя. Выпадкі безулікавага расходу ўладальнікамі дамоў ці кватэр перыядычна выяўляюць, напрыклад, у Мінскім раёне, дзе больш за 100 тысяч абанентаў. Паводле слоў кантралёраў Мінскіх электрычных сетак, за неабдуманай эканоміяй стаіць рэальная пагроза жыццю людзей, а таксама сапсаванне маёмасці. У горшым жа выпадку абясточанымі могуць застацца цэлая вуліца ці квартал у пасёлку. 

Цяпер у нашай краіне выкарыстанне электраэнергіі - трэнд у будаўніцтве. Многія новыя дамы ўзводзяць з электрычным абсталяваннем для ацяплення. А ў сталічным горадзе-спадарожніку Смалявічы па такім прынцыпе будуюць цэлы жылы квартал.