Мiнская вобласць развівае дарожную інфраструктуру

7 февраля 2020
Сёлета плануюць адрамантаваць амаль паўтысячы кіламетраў дарог і дзясятак мастоў. Галоўная ўвага - мясцовым праездам. Паступова гравійныя дарогі, якія лічацца самымі праблемнымі, мадэрнізуюць у асфальтабетонныя. 

Юлія Токар выехала ў Слуцкі раён і ацанiла ход рэканструкцыi існуючых мастоў і новыя праезды да вёсак. Рэканструкцыя пуцеправода, якому паўстагоддзя, патрабуе зладжаных дзеянняў і дэталёвых разлікаў. Пераправа праз чыгуначны пераезд злучае Слуцк і вёску Пагост. Аўтамабільны трафік быў дастаткова інтэнсіўным, таму мост вырашылі ўмацаваць і пашырыць на два з паловай метры. 

Дарога ад трасы Мінск - Мікашэвічы Р23 да вёскі Гольчыцы. Яшчэ летась тут быў праезд са старым асфальтабетонным пакрыццём, па якім складана было рухацца з-за мноства ям і выбоін. Сёння яе тэхнічны стан адпавядае сучасным характарыстыкам. Аналагічная сітуацыя была і на ўездзе ў Маглышы. 

Гравійныя і грунтавыя дарогі - найбольш праблемныя ў кожным з рэгіёнаў краіны. У Мінскай вобласці такіх прыкладна палова, гэта без уліку рэспубліканскіх магістраляў. Таму дарогі з прыроднага грунту паступова заменяць на асфальтабетонныя. 
Капрызы надвор'я, безумоўна, адбіваюцца і на дарогах. Плюсавыя тэмпературы, якія рэзка мяняюцца на мінус, патрабуюць пастаянна апрацоўваць асфальтабетон супрацьгалалёднымі матэрыяламі. Ад іх пакрыццё таксама разбураецца. Дарожныя службы падтрымліваюць тэхнічны стан: праводзяць ямачны рамонт, умацоўваюць абочыны для бяспекі як аўтаўладальнікаў, так і пешаходаў.