Мінская вобласць пашырае высадку лістоўніцы еўрапейскай

27 мая 2016

У планах леснікоў засадзіць гэтымі хвойнымі дрэвамі да пяці працэнтаў ляснога фонду цэнтральнага рэгіёна - гэта каля 10 000 гектараў. Акрамя таго, лясніцтвы пашыраюць спектр розных відаў адпачынку для турыстаў. Чым лес прыцягвае патрабавальнага вандроўніка, даведаўся Аляксандр Харавец.

Адпачынак з каларытам без далёкіх падарожжаў за 50 кіламетраў ад Мінска. У Маладзечанскім лясгасе турыстаў прывабліваюць яднаннем з прыродай і паляваннем сафары. Пасля насычанай праграмы гасцей чакаюць смачная вячэра, лазня на бярозавых дровах і адпачынак ва ўтульных дамах.

Турыстам прапаноўваюць і прагулкі па сапраўднай тайзе. 15 гадоў таму на трох гектарах высадзілі еўрапейскую лістоўніцу. Сёння тут сапраўдны гушчар.

Лістоўніцу ляснічыя называюць беларускім бамбукам. Вельмі хутка расце. За год прыбаўляе каля метра. Да таго ж мае прыгожую тэкстуру драўніны. І часта выкарыстоўваецца ў будаўніцтве.

Паводле слоў Андрэя Шыбекі, галоўнага ляснічага Маладзечанскага лясгаса, гэтыя дрэвы пад асаблівай апекай, каб узнавіць першапачатковыя плошчы лістоўніцы еўрапейскай. Гэтая парода хвойных павінна займаць не менш за пяць працэнтаў лясных масіваў.

З надыходам летняй спёкі ў працаўнікоў лесу дадаецца гарачых спраў, каб зберагчы насаджэнні. Сёлета ў дапамогу леснікам на службу заступілі паветраныя рэйнджары. Яны фіксуюць узгаранне з вышыні птушынага палёту. Сёлета ў лясах цэнтральнага рэгіёна адбылося 4 пажары. Дзякуючы своечасоваму выяўленню агонь сур'ёзнай шкоды не нанёс.

Зрэшты, любы адпачынак павінен быць культурным, упэўненыя ляснічыя. Умовы для гэтага створаныя. Толькі так можна зберагчы багацце беларускіх лясоў для будучых пакаленняў. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя