Мінская вобласць падзеліцца вопытам з новай сталіцай Дажынак

14 июля 2013

Жлобін зараз больш нагадвае будаўнічую пляцоўку. І гэта нядзіўна. Гэты райцэнтр атрымаў права прыняць фестываль толькі ў лютым. Таму падрыхтоўку вядуць у сціснутыя тэрміны. Наша здымачная група паглядзела, як рыхтуюць горад да свята.


Расказвае Віталь Краснабаеў. Звыклую назву сталіца металургаў Жлобін змяніў на іншую. Сталіца Дажынак. У верасні тут прымуць галоўнае аграрнае свята краіны. І пакуль у горадзе вялікі будаўнічы бум. У плане падрыхтоўкі да свята 273 аб'екты. Большасць абыдзецца толькі капітальным рамонтам. Прынцыпова новых пляцовак дзве.


Ні па днях, а па гадзінах. Гэта пра новую жлобінскую гасцініцу. Пры нарматыўных тэрмінах будаўніцтва ў 18 месяцаў яе узвядуць за 7. Пад ключ гасцініца будзе здадзеная акурат напярэдадні свята.


Гэтае месца яшчэ год таму называлі балотам. Каля яго цэлы раён прыватнай забудовы. Штогод жыхары цярпелі ад падтапленняў. У рамках падрыхтоўкі да Дажынак іх праблему вырашылі арыгінальным чынам. Цяпер тут з'явіцца каскад азёр, які возьме на сябе ўсю ваду з ваколіцы.


Да верасня ў горадзе яшчэ з'явіцца новая зала гульнявых відаў спорту, мясцовы музей зменіць прапіску. Ды і сам Жлобін памаладзее.


Кіруе рабочым працэсам, як ні дзіўна, надвор'е. Спякота вымусіла ўвесці сіесту. У самыя гарачыя гадзіны дня на будаўнічых пляцоўках зацішша. Бо такой парой на сонцы нават фарба засыхае яшчэ на пэндзліку. Але страчаны час наганяюць ужо ўвечары.