Мінская вобласць адзначыла галоўнае свята хлебаробаў - "Дажынкі-2017"

7 октября 2017

Шумна, маштабна, шчодра. Мінская вобласць сёння маштабна адзначыла галоўнае свята хлебаробаў - "Дажынкі-2017". З такой нагоды невялікі райцэнтр Смалявічы змяніўся да непазнавальнасці: на ўсіх цэнтральных вуліцах горада размясціліся шматлікія гандлёвыя рады, пляцоўкі з атракцыёнамі, майстар-класамі і зонамі фуд-кортаў. Галоўныя героі свята - механізатары, вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў - прайшліся адзінай калонай. У шэсці прынялі ўдзел больш за тысячу чалавек. Як правялі галоўнае аграрнае свята - святочны рэпартаж Антаніны Станкевіч.

З настроем, натхненнем і па-беларуску шчодра і гасцінна Смалявічы сустракаюць гасцей. З раніцы тут танцуюць, спяваюць, частуюцца, удзельнічаюць у атракцыёнах і майстар-класах, увогуле - гуляюць усе.

Адна з самых цікавых пляцовак - горад майстроў. Гэта не проста кірмаш-продаж, хоць купіць сувенір таксама можна. Гэта інтэрактыўная пляцоўка, дзе сапраўдныя ўмельцы толькі сёння прыадчыняюць цікаўным свае сакрэты.

Галоўная, самая яркая і запамінальная падзея - святочнае шэсце. Гэта чымсьці нагадвае бразільскі карнавал, але толькі з нацыянальным каларытам. У святочнай калоне, а гэта больш за 1000 чалавек, галоўныя героі - механізатары, вадзіцелі, аператары сушыльных комплексаў. Гэта тыя, без каго "Дажынкі" не адбыліся б.

Сёлета цэнтральны рэгіён - абсалютны лідар уборачнай кампаніі. Амаль 2 мільёны тон ураджаю, і гэта яшчэ без кукурузы. Атрымліваецца, што кожны 4 кілаграм збожжа ў краіне сабраны з палёў Мінскай вобласці. І кожны прысутны на "Дажынках" унёс свой важкі ўклад у агульную справу.

Ужо заўтра шматлікія з гэтых людзей зноў выйдуць на поле, бо яшчэ трэба убраць сезонную агародніну і кукурузу. А пакуль любімае свята аграрыяў працягваецца.

Сёння Смалявічы менш за ўсё нагадваюць ціхі райцэнтр. Здаецца, сюды з'ехалася ледзь ці не ўся Мінская вобласць - адзначаюць маштабна, весела і душэўна.