Мінская вобласць адзначае "Дажынкі" ў Барысаве

12 Кастрычніка 2019

У горад на Бярэзіне з'ехаліся звыш 15 000 чалавек: гэта механізатары, вадзіцелі збожжавозаў, аграномы. На пляцоўцы вакол стадыёна адразу адчуваўся каларыт і водар фестывалю-кірмашу. Добры настрой забяспечвалі музыканты. Па традыцыі кожны раён прэзентаваў свой каравай, а слуцкія сыравары спецыяльна да свята вырабілі гіганцкі круг сулугуні вагай 120 кілаграмаў. Лепшыя аграрыі прайшлі ва ўрачыстым шэсці па стадыёне, а затым атрымалі ўзнагароды з рук губернатара цэнтральнага рэгіёна Анатоля Ісачанкі. 

Анатоль Ісачанка, старшыня Мінаблвыканкама: "Мінская вобласць ганарыцца сваімі людзьмі. Працавітымі, стараннымі, добрымі людзьмі, якія і робяць гэты вынік. У нас сёлета нядрэнны ўраджай: мы атрымалі 1 700 000 тон збожжа, што вышэй за ўзровень мінулага года. Больш цукровага бурака, бульбы атрымаем і іншых культур".

Такім чынам, кожная чацвёртая тона збожжа сабраная на палях цэнтральнага рэгіёна. У асобных раёнах ураджайнасць гэтага сезона дасягала 70 цэнтнераў з гектара і вышэй.