"Мінская лыжня" аб'яднала работнікаў усіх арганізацый рэгіёна

13 Лютага 2017

У выхадныя надвор'е дазволіла змяніць офісны дрэс-код на спартыўную форму і стаць на лыжы. Абласное свята “Мінская лыжня” аб'яднала работнікаў усіх арганізацый рэгіёна, а таксама прадстаўнікоў выканаўчай улады. Эстафета 4 па 1,5 кіламетра - не толькі спартыўная гонка, але і сапраўдная камандная работа. У гэтым пераканалася Антаніна Станкевіч.

Яны ведаюць пра таблеткі, мікстуры і іншыя лекі ўсё. Аднак галоўны сакрэт моцнага здароўя - усё ж спосаб жыцця. Каманда ўпраўлення аховы здароўя ў поўным складзе рыхтуецца пакарыць лыжню. Хоць ніхто з прысутных не з'яўляецца прафесійным спартсменам, аднак кожны рыхтуецца не менш як да перамогі. Хаця б над самім сабой.

На лыжню выходзяць каманды ўсіх арганізацый вобласці, а таксама прадстаўнікі раёнаў. Больш за сто чалавек рыхтуюцца абараняць гонар сваёй каманды.

Для кагосьці першыя метры лыжні - дзіцячая забава, а хтосьці робіць відавочнае намаганне. Не абыходзіцца нават без падзенняў, аднак з дыстанцыі ніхто не сыходзіць.

Спартыўнае свята доўжыцца ўвесь дзень. А ў перапынках паміж гонкамі гасцей частуюць кашай, юшкай і гарачай гарбатай.

Пераможцы гонкі атрымліваюць дыпломы, медалі і падарункі. Асобна ўзнагароджваюць самага маладога і старэйшага ўдзельнікаў лыжні.