Мінская Кальварыя - месца малiтвы i памяцi

25 декабря 2016

Па азначэнні, яна павінна быць месцам смутку, але стала месцам святла. На старажытнейшых могілках Беларусі - Кальварыйскіх - не толькі памінаюць памерлых, але і радуюцца жыццю! Вось ужо 35 гадоў, як тут аднавіў сваё служэнне касцёл Узвіжання Святога Крыжа. Тут сустракаюць святы, збіраюцца на штодзённыя службы, памінаюць памерлых, ратуюць жывых - людзей, якія ўпалі ў залежнасць або пакутуюць ад жыццёвых нягод. Напярэдадні тут з усім каталіцкім светам сустракалі Віфліемскую зорку. А сёння ўрачыстымі набажэнствамі святкавалі Нараджэнне Хрыстовае.

Наталля Бардзілоўская паспрабуе раскрыць таямніцу кальварыйскага месца.

Нашы продкі Мінск параўноўвалі з Рымам (абодва стаяць на сямі ўзгорках). А ў сярэдзіне 18-га стагоддзя ў будучай беларускай сталіцы з’явілася яшчэ і свая Галгофа: восьмае ўзвышша вырасла са жмені той самай евангельскай зямлі, прывезенай з Іерусаліма. Гара чарапоў ці Лысая гара - гэта плошча ў тры кіламетры, скрозь усеяная крыжамі (больш каталіцкімі), у цэнтры - храм, а да яго вядзе алея, якая сімвалізуе Крыжовы шлях. Гэта Кальварыя або Кальва - у перакладзе з грэчаскай мовы “чэрап”.

Кальварыя. Для рымска-каталіцкай царквы гэта месца асаблівага пакланення. Звычайна на такіх месцах узводзілі касцёл і  14 капліц-стацый, якія сімвалізуюць 14 пакут Хрыстовых. Мінская Кальварыя - не адзіная ў Беларусі, але адна з самых старэйшых. І калі сам касцёл час не крануў, то ад капліц засталіся адны руіны.

Могілкам амаль тры стагоддзі. Прыкладна тады ж узнік і храм. Драўляны, з дзвюма высокімі трох'яруснымі вежамі. Спачатку - уладанне манахаў-кармелітаў, але з часам касцёл перайшоў да Францысканскага ордэна. Пры ім будынак быў разабраны і прыведзены ў новы выгляд - такім мы бачым яго і сёння: класічная брама з мудрагелістым дэкорам, з надпісамі і неагатычны дом Божы.

Заснаваны кармелітамі санктуарый з 1796 года афіцыйна і канчаткова быў вызначаны агульнагарадскім месцам пахаванняў. Выйшаў загад Кацярыны Другой: памерлых нельга хаваць адвольна за горадам, а як належыць - у арганізаваных некропалях. У Мінску тады былі тры вялікія некропалі: Старажоўка (сёння раён ад Камсамольскага возера да Траецкага прадмесця), Залатая Горка (цэнтр сталіцы - тут Палац мастацтваў, рэдакцыі газет) і Кальварыя (Фрунзенскі раён Мінска). Да сённяшняга дня захаваўся толькі апошні.

Не сакрэт, што на Кальварыі што ні магіла, то, даруйце, твор мастацтва. Большасць - помнікі вядомым беларусам. Пераважна гэта каталіцкія магілы - тут ляжыць тутэйшая шляхта, беларусы высокіх саслоўяў: князёў з італьянскімі каранямі Панятоўскіх, Вайніловічаў, ад сям'і якіх на вякі застаўся Чырвоны касцёл, Манюшкі, што далі свету кампазітара і музыканта.

Сярод пахаваных знакамітасцяў шмат мастакоў: Юзаф Аляшкевіч, Юзаф Жмурка і вядомы ў часах Рэчы Паспалітай Ян Дамель, які на Кальварыі пахаваны па асабістым запавеце разам са сваім апошнім палатном.

“Маленне аб чашы” ці “Ісус у Гефсіманскім садзе” - твор напісаны жывапісцам у Мінску за год да смерці. У жніўні 1840-га Дамеля пахавалі ў крыпце Кальварыйскага касцёла, у галавах - нібыта помнік - размясцілі мастацкі шэдэўр. Так карціна прабыла ў храме да сярэдзіны 20-га стагоддзя: закінутая разам з закрытым касцёлам, яна трухлела, псавалася.

Мы ў рэстаўрацыйнай майстэрні Нацыянальнага мастацкага музея. У 80-я гады ўратаванае спецыяльнай мастацкай экспедыцыяй  унікальнае палатно амаль тры дзясяткі гадоў яшчэ праляжала ў музейных сховішчах. Сёлета трапіла да спецыялістаў-рэстаўратараў, і вось-вось сенсацыя - ажыўшае палатно паўстане ў экспазіцыі!

Загадкавая крыпта касцёла Узвіжання Святога Крыжа (Кальварыйскага касцёла). У ёй пахаваны не толькі славуты Ян Дамель, але яшчэ некалькі прадстаўнікоў малавядомых, але знатных фамілій. Сёння ў падзямелле нельга трапіць - захаваўся небяспечны для чалавека ўваход у пару метраў. Страчаная крыпта - рэха гадоў атэізму. Няхай сам Кальварыйскі касцёл і не чапалі (баяліся могілак), але нашкодзілі яму запусценнем. Зрэшты, не самы старажытны - менавіта касцёл на Кальварыі стаў першай беларускай культавай установай, якую адкрылі пасля ўсеагульнага закрыцця цэркваў у 1938 годзе.

І ўсё ж, рэальны старт новаму веку Кальварыйскага касцёла даў… спорт! Падчас Алімпіяды-80 савецкія ўлады вырашылі прадэманстраваць замежным гасцям верацярпімасць і дазволілі адчыніць дзверы касцёльнай Кальварыі. Дзеючы касцёл сёння вядомы не толькі як гістарычнае ці рытуальнае месца, але і як месца турызму! Распрацаваны нават цэлы экскурсійны маршрут па тутэйшай гістарычнай частцы.

Сёння на Кальварыйскіх могілках не хаваюць. Выключэнне - падпахаванне да сваякоў, і тое - знакамітых людзей. Кальварыйская зямля - гістарычная зона і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі. Хаця быў час - валанцёры Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ўратоўвалі закінутыя пахаванні ад вандалізму, прыбіралі недагледжаныя могілкі, добраўпарадкоўвалі ўсю кальварыйскую тэрыторыю.

І ўсё ж, у цэнтры мінскай Кальварыі - не смерць, а жыццё. Да тутэйшага касцёла штодзень прыходзяць людзі. Вернікаў збіраюць святы ці штодзённыя набажэнствы. Пры касцёле Узвіжання Святога Крыжа дзейнічаюць маладзёжны і сямейны рухі, працуюць праграмы для дзяцей, гурты для сацыяльна неабароненых людзей, тых, хто мае залежнасці. Як і па ўсёй Беларусі, сёння тут сустракалі Нараджэнне Хрыстовае - як самы светлы сімвал веры, надзеі і любові.