Мінск у прадчуванні свята

3 мая 2017

Да Дня Перамогі сталіца гатовая на дзевяноста працэнтаў. У горадзе ўсталявалі семдзесят дэкаратыўных арт-аб'ектаў. Галоўныя вуліцы і праспекты ўпрыгожваюць у першую чаргу. Навінка гэтага сезона – святлодынамічныя вертыкальныя пано ўздоўж праспекта Пераможцаў. Яшчэ адзін акцэнт - на фотаздымкі ваенных часоў і медалі. Канструкцыі ўжо з'явіліся на Кастрычніцкай плошчы. Падрабязней - у сюжэце Юліі Токар.

Фасад педагагічнага ўніверсітэта адным з першых па традыцыі апранаецца ў святочнае ўбранне. Так і зараз, напярэдадні 9 Мая, за два дні майстры «намалявалі» на будынку з сямі тысяч шаўковых кавалкаў тканіны блакітнае неба і манумент Перамогі. Гэта ўжо 29-я майская кампазіцыя, прычым ні адна не паўтарылася.

Усяго ў Мінску ўсталююць больш за 70 дэкаратыўных канструкцый. Акцэнт - на рэтраспектыве: ваенныя фотаздымкі, медалі. Яблыневы сад паступова расцвітае на галоўных праспектах і вуліцах сталіцы.

Навінка сёлетняга ўбрання – вось такія святлодынамічныя пано. Кожны асобны элемент мае люстэркавы эфект. І за кошт святла і ветру кампазіцыя літаральна зіхаціць святочнымі колерамі. Паступова такія ўпрыгажэнні з'яўляюцца на праспекце Пераможцаў.

Пано з жывых цюльпанаў - ля падмурка манумента Перамогі, а навокал – святочныя канструкцыі і флагі. Ля Вечнага агню 9 Мая пройдзе асноўная ўрачыстасць – музычна-тэатралізаванае шоу. Тут па традыцыі будуць гучаць і песні Перамогі. А пакуль для аркестра ўсталёўваюць подыум, для ветэранаў – партэр. Пад адкрытым небам на час з'явіцца кіназала – ваенныя карціны ажывуць на фасадах дамоў.