Мінск у пешаходным стылі

19 июня 2018

У пачатку ліпеня ў сталіцы з'явяцца новыя зоны для вандровак пешшу. Зараз завяршаецца рэканструкцыя вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай. Дарожкі для праменаду вымасцілі гранітам, побач разбілі новыя клумбы, аздабляюць месцы для адпачынку.

Рух жа аўтамабіляў на Рэвалюцыйнай і Камсамольскай абмяжуюць – там больш не будзе месцаў для паркоўкі. Усе падрабязнасці раскажа Наталля Кезік. Апошнія штрыхі - і арт-аб'ект, які размесціцца ў цэнтры сталіцы, амаль гатовы. Гадзіннік на шэсць метраў у вышыню і дзве з паловай тоны вагой - скульптура, якая акрэсліць новыя пешаходныя вуліцы Камсамольскую і Рэвалюцыйную. Выраблялі скульптуру паўгода, кожная дэталь - карпатлівая праца майстроў.

Гадзіннік будзе паказваць дакладны час, а ўвечар упрыгожваць вуліцы рознакаляровым падсвятленнем. Пешаходная зона стала брукаванкай, уздоўж усталявалі грацыёзныя ліхтары і разбілі новыя клумбы.

Калі на Камсамольскай вуліцы рэканструкцыя амаль завяршылася: тут ужо высадзілі маладыя клёны, з'явіліся лавы, - то на Рэвалюцыйнай праца ў самым разгары, рабочыя ўкладваюць там плітку. Цалкам убачыць выгляд дзвюх новых пешаходных вуліц сталіцы можна будзе ў першыя дні ліпеня.

Неўзабаве з'явяцца тут і месцы для адпачынку - летнія кафэ і тэрасы. А вось месца для паркоўкі аўтамабіляў тут больш не будзе. Для машын пакінулі адну паласу для скразнога праезду.

Акрамя Камсамольскай і Рэвалюцыйнай, абмежаваны рух транспарту яшчэ на плошчы Свабоды і на чатырох пешаходных вуліцах сталіцы – яны паміж сабой ствараюць невялікі квартал, свабодны ад шчыльнага трафіку аўто.

Зараз архітэктары таксама праектуюць Мінскі вернісаж. Выстава мастакоў у найбліжэйшыя месяцы пераедзе на набярэжную Свіслачы. Паступова рэканструкцыя закране пляцоўку каля ратушы, а на скрыжаванні вуліц Няміга і Камсамольская з'явіцца скульптура міфалагічнага заснавальніка сталіцы - Менеска.

Найбольш адаптаванай для пешаходаў лічыцца зона Верхняга горада. Там з надыходам лета кожныя выхадныя гаспадарыць "Пешаходка". Гараджане і госці сталіцы з задавальненнем шпацыруюць уздоўж Музычнага завулка ці спыняюцца на хвілінку на арт-тэрасе пад акампанемент вулічных артыстаў.