Мінск у гэтыя выхадныя святкуе 951-ы дзень нараджэння!

7 сентября 2018

Сталічныя вуліцы ўпрыгожылі яркія банары, пано і фотазоны. А заўтра святочныя пляцоўкі разгорнуцца ва ўсіх раёнах горада з канцэртамі, спартыўнымі фестывалямі, творчымі майстэрнямі і рыцарскімі турнірамі. У святочным календары - больш за паўсотні падзей. Афіша на 951-ы дзень нараджэння сталіцы - у Аляксандры Кавеліч.

Алена Гурэцкая спрытна сплятае залацістыя стужкі ў мудргалегістыя ўзоры. Больш за два дзесяцігоддзі майстар стварае арт-аб'екты з лазы. А спецыяльна да Дня горада разам з вучнямі рыхтуе новую калекцыю.

Выстава пад адктрытым небам размесціцца на ўзбярэжжы Свіслачы.

Бадай, галоўнай творчай пляцоўкай стане Траецкае прадмесце. Тут разгорнецца вялікі горад майстроў. Прычым паспрабаваць сябе ў ролі рамеснікаў змогуць усе госці свята. Для іх правядуць мастацкія майстар-класы.

Сталічныя вуліцы заўтра ператворацца ў вялікую святочную пляцоўку. У раскладзе - больш за паўсотні падзей. Урачыстыя мерапрыемствы пачнуцца раніцай з ускладання кветак да абеліска «Мінск - горад-герой».

Тэрыторыя ля Палаца спорту стане самай спартыўнай лакацыяй. На працягу ўсяго дня - турніры сярод ратавальнікаў і асілкаў, спаборніцтвы па веславанні, стрытболе, марафон ролераў. Суправаджаць усё гэта будзе музычная праграма.

У Верхнім горадзе адбудзецца сямейнае свята - пройдуць конкурсы для дзяцей і бацькоў, пакажуць кінастужкі пра Мінск, а падчас моднага шоу пляцоўка ля ратушы ператворыцца ў подыум. Там жа апоўдні 9 маладых пар у святочнай абстаноўцы стануць сем'ямі.

Здзейсніць падарожжа ў часе і ўбачыць гісторыю Мінска можна будзе на пляцоўцы ля стэлы. За сценамі імправізаванай крэпасці сустрэнуцца героі розных эпох. Старт у 11 гадзін.

Яркім заканчэннем Дня горада за гадзіну да поўначы стане музычна-піратэхнічнае шоу. Яно пройдзе ля Палаца спорту. А святочны марафон працягнецца ў нядзелю - тысячы бегуноў пераадолеюць дыстанцыі Мінскага паўмарафону, а ў парку Перамогі адзначаць Дзень танкіста.