Мінск упрыгожваюць да Новага года

21 ноября 2018

Яркія агні, святлодынамічныя элементы і навагоднія ёлкі як арт-аб'екты. Мінск рыхтуецца апрануць свой святочны ўбор. Упрыгожваць вуліцы і плошчы будуць 26 навагодніх дрэў, да iх афармлення падыходзяць крэатыўна. Дарэчы, свае ідэі прапаноўвалі і жыхары. Якім будзе навагодні Мінск, ведае Аляксандра Кавеліч.

Гэтыя яркія літары - не атрыбут школьных урокаў, такім дэкорам з паэтычным акцэнтам упрыгожаць навагоднюю ёлку ля Нацыянальнай бібліятэкі. Рознакаляровы алфавіт зазіхаціць і яркімі агнямі.
Каб стварыць навагоднюю казку, у гэтых майстэрнях працуюць яшчэ з лета. Дызайнеры прадумваюць кожную дэталь зімовага ўбору. Святлодынамічныя элементы, вялізныя пано і аб'ёмныя канструкцыі з галоўнымі героямі зімы неўзабаве будуць дадаваць сталічным вуліцам святочнага настрою.

Дарэчы, ідэі для навагодняга афармлення падказваюць і самі жыхары горада. Так, у сапраўдны арт-аб'ект ператворыцца святочнае дрэва ля Палаца спорту. 

Свой унікальны дызайн стварылі для кожнай з 26 навагодніх ёлак. Зараз вядзецца мантаж канструкцый. 

У гэтых металічных канструкцыях пакуль складана пазнаць галоўнае навагодняе дрэва, але ўжо да канца тыдня ёлка набудзе больш святочны выгляд. Пачнуць усталёўваць светлавыя ўпрыгажэнні, сёлета ілюмінацыя будзе змяшчаць у сабе піксельныя элементы. 

Новую інфраструктуру атрымае і калядны гарадок на Кастрычніцкай плошчы. 

Ацаніць зімовае ўбранне жыхары горада змогуць у сярэдзіне снежня. Тады ж рознакаляровымі агнямі заззяе і галоўная навагодняя ёлка.