Праз некалькі месяцаў пасля сустрэчы "нармандскай чацвёркі" ў Мінску ля Палаца Незалежнасці была ўсталявана вось гэтая васьміметровая скульптура. Бронзавая дзяўчына ўвасабляе Беларусь. У руках у яе - сем галубоў, якія з'яўляюцца самым вядомым сімвалам міру. Менавіта Мінск стаў за мінулы год новым сімвалам міру.
У мінулым лютым Еўропа апынулася ля небяспечнай рысы, за якой віднеліся абрысы кантынентальнай вайны. Паводле апошніх звестак ААН, ахвярамі канфлікту ва Украіне сталі амаль сем тысяч чалавек, раненні атрымалі больш за 17 тысяч. Лік бежанцаў перавысіў 2,3 мільёна, у тым ліку крыху менш за палову пакінулі межы сваёй радзімы.
Мірнае вырашэнне ўкраінскага крызісу ўпершыню на ўзроўні лідараў найбуйнейшых краін Еўропы абмеркавалі ў чэрвені 2014-га года ў Нармандыі.
На тое, каб арганізаваць сустрэчу Пуціна, Парашэнкі, Меркель і Аланда ў Мінску, у беларускага боку было ўсяго тры поўныя дні. Першыя асобы найбуйнейшых краін Еўропы, іх дэлегацыі і пяць сотняў журналістаў, усе разам у Палацы Незалежнасці правялі каля 16 гадзін.
Галоўным вынікам перамоў назвалі спыненне агню ў ноч з 14 на 15 лютага. Лідары "нармандскай чацвёркі" падпісалі дэкларацыю, у якой адобрылі комплекс мер, прапісаных у Мінскіх пагадненнях. Там і адвод цяжкіх узбраенняў, і аднаўленне сацыяльных выплат, і амністыя для ўдзельнікаў канфлікту, і вызваленне ўсіх заложнікаў. Не ўсё было выканана за год. Аднак эксперты канстатуюць: менавіта ў Палацы Незалежнасці адбыўся паварот ад вайны да міру.
Нармандскі фармат на мінскі лад ужо ўвайшоў у падручнікі, як за кошт беспрэцэдэнтнай працягласці, так і дзякуючы лёсавызначальным вынікам гэтага дыпламатычнага марафона.
Самае складанае пытанне зараз - гэта правядзенне канстытуцыйнай рэформы ва Украіне. Мяркуецца, што папраўкі ў асноўны закон краіны перададуць паўднёваму ўсходу больш магчымасцяў для самакіравання.
Нягледзячы на спрэчкі палітыкаў, жыццё на Данбасе тым часам павольна, але дакладна вяртаецца ў мірнае рэчышча.
У апошнія дні снежня "нармандская чацвёрка" ўмовілася прадоўжыць дзеянне "Мінска-2" на 2016-ты. Гэта азначае, што за мінулы год менавіта Мінскія пагадненні сталі лепшым, аб чым бакам атрымалася дамовіцца.













