Мінск удасканальвае веласіпедную інфраструктуру

27 апреля 2018

З'явяцца новыя веламаршруты, спецыяльныя знакі і гаражы для экатранспарту. Вадзіцелям двухколавых дазволяць рухацца па праезнай частцы. Праўда, пакуль толькі на некаторых вуліцах. Пілотны праект рыхтуе ДАІ.

А каб сфарміраваць культуру веларуху, будуць праводзіць сустрэчы для велааматараў і здымуць сацыяльныя ролікі. Аляксандра Кавеліч - пра веласіпедны Мінск.

20 кіламетраў па горадзе. У такую велавандроўку Мікіта Баеў адпраўляецца амаль кожны дзень. На звыклым маршруце - уздоўж праспекта Дзяржынскага - асобнай дарожкі для двухколага транспарту няма. Аднак і гэта, паводле слоў велааматара, зараз далёка не адзіная ўмова камфортнай веласіпеднай інфраструктуры.

Як зрабіць мінскія вуліцы максімальна зручнымі для веласіпедыстаў і пазбегнуць канфліктаў з пешаходамі і вадзіцелямі аўто? Свае ідэі прапаноўваюць сталічныя велаактывісты. Сярод ініцыятыў - спецыяльныя знакі, новыя маршруты і нават конкурс сярод ВНУ.

Выбіраць бяспечную хуткасць і не лавіраваць сярод пешаходаў. Паводле слоў аматараў экатранспарту, яшчэ адзін крок на шляху да сапраўднай веласіпеднай сталіцы - сфарміраваць культуру веларуху.

Дарэчы, хутка веласіпедную інфраструктуру ўдасканаляць. Так, вадзіцелям двухколавых дазволяць рухацца па праезнай частцы. Праўда, пакуль толькі на некаторых вуліцах.

Веласіпедны трафік у Мінску з кожным годам павялічваецца. Больш за паўмільёна веласіпедаў на сталічных вуліцах - такі індэкс папулярнасці экатранспарту.

Без затораў і шкоды для экалогіі зараз можна дабрацца амаль у любое месца горада. У сталіцы больш за 150 кіламетраў веладарожак. Хутка гэтая лічба значна павялічыцца. Напрыклад, у мікрараёне Чыжоўка спецыяльна для веласіпедыстаў пабудуюць мост.

Развіваюць у горадзе і сістэму велапарковак. Стаянкі для экатранспарту з'яўляюцца не толькі ля офісаў і жылых дамоў, але і побач са станцыямі метро. Адкрылі ў горадзе і велагаражы - толькі ў Заводскім раёне сёлета ўсталююць 20 такіх боксаў.