Мінск сёння святкуе 948-ы дзень нараджэння!

12 сентября 2015

Тры дні музыкі, вулічных перформансаў і спартыўных фэстаў… Мінск сёння святкуе 948-ы дзень нараджэння! У гэтыя хвіліны мінчане пачынаюць збірацца на галоўнай пляцоўцы для народных гулянняў - каля Палаца спорту. Горад майстроў, кірмаш, стрытваркаўт і інтэрактыўныя пляцоўкі. А таксама музычныя выступленні эстрадных калектываў. Акрамя гэтага, святочная атмасфера зараз пануе ў кожным раёне сталіцы.

Аляксандра Драгун з раніцы паспела пабываць на святочных пляцоўках. Мінск святкуе 948-ы дзень нараджэння! Паводле традыцыі, галоўнай пляцоўкай для народных гулянняў стане набярэжная Свіслачы. Каля Палаца спорту ўсталявалі самую вялікую сцэну для музычнага афармлення ўрачыстасці. Пачнецца святочная праграма пасля ўскладання вянкоў і кветак да абеліска "Мінск - горад-герой" у 11 раніцы.

З раніцы каля Палаца спорту размясціліся народныя ўмельцы са сваімі скарбамі ручной працы. Далікатныя карункі, карціны з атласа, сувеніры з лазы. Свята прапаноўваюць сумясціць з шопінгам. Тут жа расцягнуўся самы вялікі ў горадзе кірмаш.

У кожным раёне сталіцы запланаваная свая насычаная праграма. Дарэчы, за святочныя выхадныя пройдзе больш за 60 мерапрыемстваў - ад фэсту харавой музыкі да турніру па сілавым экстрыме.

Пасля абеду на вуліцы горада выедзе незвычайны транспартны сродак, які нагадвае лятучы карабель. Гэта "кіналёт". Арт-аб'ект будуць з песнямі і музычным суправаджэннем каціць 16 пераапранутых артыстаў.

Перад святочным феерверкам у 20 гадзін на сцэне каля Палаца спорту выступяць папулярныя беларускія выканаўцы. Праспяюць Тэа, Дарыя, Юзары, а правядуць вечар Вольга Рыжыкава і Алег Ціткоў. Музычную падзею дорыць мінчанам тэлеканал "Беларусь 1".

Завершыцца суботняе свята ў 22 гадзіны піратэхнічным шоу. З вышыні 400 метраў разнаколерныя агні будуць асвятляць горад. Феерыя ў небе над стэлай прадоўжыцца 12 хвілін. А заўтра народныя гулянні працягнуцца ў кожным раёне Мінска.