Якія ж новыя напрамкі ў дадатковай адукацыі, што сёння самае папулярнае - у матэрыяле Юліі Токар. У гэтай студыі гуказапісу Зоя Ачапоўская на працягу пяці гадоў выкладае вакальнае майстэрства. Музычныя творы розных жанраў, стыляў, аранжыровак выконваюць як школьнікі, так і студэнты. Юныя артысты становяцца пераможцамі раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсаў.
Сярод паўтысячы гурткоў па інтарэсах Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі "Зорка" менавіта вакальнае майстэрства найбольш запатрабаванае.
Авіямадэліраванне, жывапіс, цыркавы тэатр – у сталіцы больш за 6 тысяч разнастайных гурткоў па інтарэсах. Праграмы дадатковай адукацыі прапануюць у цэнтрах творчасці дзяцей і моладзі, школах, гімназіях. Зараз камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама праводзіць маніторынг устаноў адукацыі.
У навучальных установах спецыяльна распрацаваны другі расклад. Напрыклад, у сярэдняй школе № 200 з эстэтычным ухілам вучні пасля заняткаў займаюцца вакальным і харэаграфічным майстэрствам, асвойваюць тэхнікі саломапляценне і ствараюць гліняныя вырабы.
Саламяныя павукі, роспіс драўляных лялек у народных касцюмах і керамічны посуд, скульптуры. Гэтая творчая скарбонка ўвасабляе чатыры накірункі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тут каля сотні дзіцячых кампазіцый зроблены сваімі рукамі.
Дадатковая адукацыя ў сталіцы пашырае формы і кірункі, каб паспець за інтарэсамі сучаснай моладзі. Гурткі па інтарэсах - гэта яшчэ і дадатковая магчымасць выбраць будучую прафесію.













