Вядома, што святочная праграма пачнецца яшчэ 2 ліпеня. Ля Палаца спорту разгорнецца маштабны фолк-фэст "Дзень вышыванкі". Ён стартуе з флэшмоба - некалькі тысяч маладых людзей будуць у адзенні з беларускім арнаментам. Для гасцей правядуць майстар-класы па нацыянальных рамёствах, дэфіле ў традыцыйных касцюмах, літаратурныя чытанні вершаў.
А ўжо 3 ліпеня тут жа размесцяцца шчодрыя гандлёвыя рады. Побач з кірмашом цэлы дзень будзе працаваць і "Горад майстроў".
Асноўнай святочнай пляцоўкай стане праспект Машэрава і стэла "Мінск - горад-герой", дзе ўжо з самай раніцы пройдзе парад ваеннай тэхнікі Мінскага гарнізона і адразу ўслед - маштабны тэатралізаваны перфоманс.
Гулянні будуць шумець ва ўсіх раёнах сталіцы. А яскравым фінальным акордам стане салют з 30 залпаў у 23 гадзіны.













