Мінск прымае Smart patent - 2019

11 декабря 2019
Сталіца прадоўжыць падтрымку маладых наватараў і навукоўцаў, а таксама крэатыўных школьнікаў і студэнтаў. Для рэалізацыі самых запатрабаваных ноу-хау ёсць фінансавыя сродкі інавацыйнага фонду горада, а таксама свабодныя тэрыторыі для стварэння офісаў і цэхаў. Пра гэта сёння заявілі на адкрыцці штогадовага кірмашу інавацыйных ідэй Smart Patent. Пляцоўкай для міжнароднага форуму стала Нацыянальная бібліятэка. 40 экспанентаў, больш за паўтысячы праектаў інтэлектуалаў з усёй краіны. Яркія і перспектыўныя стартапы прэзентавалі і мінчане. Напрыклад, 3D-друк прадметаў інтэр'еру ці вулічнай мэблі з пластыкавых адходаў.

Smart patent - гэта яшчэ і магчымасць атрымаць падтрымку Мінскага гарадскога тэхнапарка. Дарэчы, сам інавацыйна-прамысловы кластар сталіцы зараз дынамічна развіваецца. Тут працуюць 32 кампаніі-рэзідэнты. Прэзентацыя самога Мінскага гарадскога тэхнапарка адбудзецца заўтра. У чацвер у галерэі Нацыянальнай бібліятэкі можна ўбачыць і ўсе ноу-хау ўдзельнікаў кірмашу інавацыйных ідэй.