Мінск прымае 15-ы з'езд славістаў

22 августа 2013

Без моўных бар'ераў і меж. Навукоўцы, якія прыехалі ў Мінск на 15-ы з'езд славістаў, пачалі форум з дыскусійных пытанняў. На зразумелай для ўдзельнікаў мове навукі. Беларуская сталіца напярэдадні ўрачыста адкрыла тыдзень выступленняў, дыспутаў на славянскую тэму, дарэчы, цікавасць да якой выказваюць прадстаўнікі неславянскіх народаў.


Чаму і пра што спрачаліся знакамітыя акадэмікі ў першы дзень сустрэчы - Юлія Чаргінец больш падрабязна.



Больш як 800 навукоўцаў з 35 краін свету ўпершыню абралі Мінск месцам сустрэчы. З'езд адкрылі прамовы беларусістаў, славістаў з Вялікабрытаніі і Польшчы. Пачалі з пытанняў моўных. Сёння тэмы самыя разнастайныя: фальклор, мова Вялікага Княства Літоўскага.


Урачыстыя прамовы былі нядоўгімі, асноўны час аддадзены на самае важнае для даследчыкаў гісторыі, мовы, культуры, фальклору славянскіх народаў - дыскусіі, даклады.


Васілка Рангелава, дэлегат XV Міжнароднага з'езда славістаў, Балгарыя: Мовы мяняюцца, але і людзі, якія гавораць на славянскіх мовах, таксама мяняюцца, тэрыторыя, дзе размаўляюць на славянскай мове, - самая вялікая ў Еўропе.



Славянскія дыялекты Дунайскага басейна падчас прыходу венграў, славянскія тэрміны земляробства. Тэматычна навуковы форум уражвае сёлета і пастаянных удзельнікаў славістычных канферэнцый.


Гістарычна склалася, што менавіта такая форма - навуковы з'езд - стала самай прымальнай для абгрунтавання пытанняў, адказ на якія можна знайсці толькі так - гуртам. Першы з'езд адбыўся ў Празе ў 29 годзе мінулага стагоддзя. Славісты збіраліся ў Кракаве, Маскве, Кіеве, падводзіць вынікі даследаванняў у славістыцы вырашана кожныя пяць гадоў.


Сёння з самай раніцы і да вечара аўдыторыі Дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта займаюць аўтарытэтныя акадэмікі, аўтары слоўнікаў, шматтомнікаў. Іх выданні складаюць выставу славістычнай літаратуры. Кнігі застануцца ў нашай краіне і пасля заканчэння XV Міжнароднага з'езда славістаў.