Па вуліцах сталіцы праехала каля сотні рэтрааўтамабіляў

7 мая 2016

Гісторыя на колах. Мінск сёння акунуўся ў атмасферу чорна-белых фільмаў. Па вуліцах сталіцы праехала каля сотні рэтрааўтамабіляў. Зусім бясплатна прахожыя маглі сфатаграфавацца, памацаць, нават пасядзець ва ўнікальных аўто. Акрамя іх на мінскіх дарогах таксама з'явіўся аўтобус-музей. Унутры - экспанаты часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Перасовачная гісторыя і сюрпрызы для жыхароў нашай краіны напярэдадні Дня Перамогі - у рэпартажы Юліі Грызунт. У 1949 годзе на Горкаўскім аўтамабільным заводзе былі створаны 2 вось такія ЗІМ-фаэтоны. На жаль, зараз ні адна з гэтых машын не захавалася. Але пазней у Днепрапятроўску па арыгінальных чарцяжах была створана дакладная копія такога аўтамабіля. Дарэчы, калісьці ў такой жа машыне сядзеў сам Сталін.

Гэта толькі адзін з амаль сотні ўнікальных аўтамабіляў, якія сёння праехалі па Мінску ад плошчы Перамогі да Музея Вялікай Айчыннай вайны і ў самае сэрца горада - на Кастрычніцкую плошчу. Апошні пункт - аэрадром Баравая. 9-ы міжнародны фестываль рэтра- і класічных аўтамабіляў сабраў лепшыя экіпажы з 8 краін.

Сімвалічна, і беларускія ўдзельнікі, і замежныя госці пачалі рэтрафестываль з ускладання кветак да манумента на плошчы Перамогі. Напярэдадні 9 Мая на вуліцах сталіцы можна было ўбачыць яшчэ адно незвычайнае аўто, а больш дакладна, цэлы аўтобус. Перасовачны музей Вялікай Айчыннай вайны сёння прэзентавалі Федэрацыя прафсаюзаў нашай краіны і самае моладзевае аб'яднанне.

Музей на колах з Мінска адправіцца па рэгіёнах па парадку вызвалення іх ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У кожным горадзе аўтобус будзе папаўняцца новымі экспанатамі. Дарэчы, акрамя экскурсаводаў у музеі будуць знаходзіцца барды.

Асаблівасць музея на колах у тым, што трапіць туды зможа кожны зусім бясплатна, сфатаграфавацца і нават дакрануцца да гісторыі. Рэтрапарад таксама можна было не толькі зняць на тэлефон - сотні жыхароў сталіцы пасядзелі за рулём самых рэдкіх аўтамабіляў свету.