Усе падрабязнасці - у Наталлі Тарасюк.
Амаль паўсотні іерархаў больш чым з 20 краін свету - сёння ў Мінску. І першыя ўражанні - у храме Усіх Святых. Менавіта тут адкрыўся IV еўрапейскі Праваслаўна-каталіцкі форум. Упершыню ў нашай краіне. Віншаванні ўдзельнікам накіраваў і Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
Такая маштабная сустрэча вядомых багасловаў, рэлігазнаўцаў і філосафаў у Беларусі праходзіць упершыню ў сучаснай гісторыі. Да гэтага форум прымалі грэчаскі Родас, партугальскі Лісабон і італьянскі Трэнта. Ён праходзіць кожныя два гады. У 2012, калі вызначаліся з наступным месцам правядзення форуму, Мінск быў аднагалосна адобраны ўсімі іерархамі. Беларуская сталіца атрымала такое права, у тым ліку, і дзякуючы старанням Мітрапаліта Філарэта.
Святароў чакае дыялог аб рэлігіі і культурнай шматстатнасці. На форуме сваім поглядам на сучасныя праблемы хрысціянства падзеляцца іерархі адразу дзвюх хрысціянскіх канфесій.
Павел, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі: Ліберальныя погляды яны размываюць тыя асновы хрысціянскія, духоўныя, маральныя, якія закладзены ў Евангеллі. Гэтыя асновы - гэта не выдумкі філосафаў, нейкіх грамадскіх кіраўнікоў, або лідараў народаў. Гэта адкрыццё Божае. Калі мы будзем жыць паводле запаведзяў Божых, то і жыццё ў нас будзе шчаслівае.
Тадэвуш Кандрусевіч, архіепіскап, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі: Святы Ян Павел II заўсёды казаў, што Еўропа павінна дыхаць 2 лёгкімі: усходнім і заходнім хрысціянствам. І калі мы паглядзім, што нашыя катэдры амаль што знаходзяцца адна супраць другой - гэта сімвал таго, што ў нас хрысціянства дыхае 2 лёгкімі.
Сярод іерархаў Каталіцкай Царквы: святары з Венгрыі, Італіі, Іспаніі, Бельгіі, Швецыі, Францыі, Ірландыі. Два кардыналы, архіепіскапы, прадстаўнік Папскага савета па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству. На форум у Мінск прыбылі епіскапы і мітрапаліты сербскай, грузінскай, кіпрскай, эладскай, чэшскай праваслаўных цэркваў. Некалькіх іерархаў будуць прадстаўляць маскоўскі і канстанцінопальскі патрыярхат.
Іларыён, мітрапаліт Валакаламскі: Мы гаворым пра тыя каштоўнасці, якія маюць рэальнае дачыненне да рэальнага чалавечага жыцця: пра тое, што трэба ўмацоўваць сям'ю, пра тое, што каштоўнасць, жыццё чалавека мае каштоўнасць ад зачацця да смерці. Вельмі простыя рэчы, якія зараз аказваюцца складанымі для ўспрымання.
Удзельнікі форуму не абыдуць увагай і тэму духоўнага крызісу Еўропы.
Усяго запланавана восем рабочых сустрэч. Аднак форум, усё ж, рэлігійны. Кожны дзень, у восем раніцы святары будуць збірацца на каталіцкай імшы альбо праваслаўным набажэнстве.
Міжканфесійны дыялог у Мінску прадоўжыцца 4 дні. Акрамя так званых, рабочых сустрэч (а практычна ўсе яны будуць праходзіць у закрытым фармаце: доступ журналістаў вельмі абмежаваны), арганізатары падрыхтавалі і культурна-пазнавальную праграму. Бо шматлікія госці форуму ў Беларусі, і ў Мінску, упершыню.