Мінск і Талін звязаў прамы рэйс авіякампаніі "Белавія"

30 мая 2019

Новыя магчымасці для турыстаў і бізнесу. Мінск і Талін з сённяшняга дня звязаў прамы рэйс. Час у дарозе - крыху больш за  гадзіну. Добрыя стыкоўкі і для транзітных пасажыраў, што яшчэ больш павышае турыстычную прывабнасць. Хуткасць перамяшчэння ацаніла і наша здымачная група. 

На табло адпраўленняў Нацыянальнага аэрапорта Мінск з гэтага часу новы пункт прызначэння - Талін. Зараз дзве сталіцы  - беларуская і эстонская -  літаральна за гадзіну 15 хвілін палёту адна ад адной. Для параўнання, на машыне адлегласць амаль  800 кіламетраў зойме гадзін 11. Перавагі для хуткага перамяшчэння менавіта паветраным транспартам відавочныя. У авіякампаніі ўпэўненыя, што попыт на білеты да Таліна будзе. Сёння стартаваў першы рэйс.

Самалёт Embraer  разлічаны на 76 пасажыраў. Кошт білета туды і зваротна ад 93 да 178 еўра. Для бізнесу і турыстаў адкрываюцца новыя магчымасці. 

Узлятаў першы рэйс у балтыйскім кірунку сёння з новай паласы. Нацыянальны авіяперавозчык "Белавія" гэты маршрут арганізоўваў і з улікам добрай стыкоўкі нашага аэрапорта Мінск і балтыйскай паветранай гавані з іншымі краінамі. 

У Таліне беларускі самалёт сустракалі з чырвонай стужкай і вялікай цікавасцю з боку эстонскай прэсы. У нашай дыпмісіі ў Эстоніі на новыя магчымасці хуткага перамяшчэння таксама вялікія надзеі. Бо рэйс адкрылі як раз напярэдадні  II Еўрапейскіх гульняў, а гэта плюс і для дэлегацый, і для балельшчыкаў, якія прыедуць у Беларусь ужо зусім хутка. 

Ужо  з Эстоніі ў Мінск адправілася група прадстаўнікоў турыстычнага бізнесу. Яны будуць адкрываць па-новаму Беларусь для сябе і сваіх кліентаў. А значыць, нашых будучых турыстаў.

Гэта міжнародны аэрапорт Таліна. На рэйс у Мінск зарэгістравана сёння 66 пасажыраў. Гэта тыя, хто ляціць непасрэдна ў беларускую сталіцу, а таксама пасажыры транзітныя, якія адправяцца далей у Абу-Дабі, Баку, Ніжні Ноўгарад, таксама Бялград. Каб адкрыць гэты рэйс, спрачаліся, абмяркоўвалі гады чатыры. Глядзелі, вывучалі прапановы канкурэнтаў, якія лятаюць па гэтым маршруце, і запатрабаванасць на гэтым рынку. Усё ж вырашылі лятаць, прычым лятаць чатыры разы на тыдзень.

Вывучаючы попыт на гэты талінскі кірунак, кампанія "Белавія" ўжо глядзіць наперад і з сярэдзіны ліпеня гатовая прапанаваць пасажырам прамую дастаўку ў Мюнхен.