Мінск і Сендай умацоўваюць сяброўскія адносіны

15 октября 2013

У сталіцы працягваецца візіт дэлегацыі з японскага горада-пабраціма. Напярэдадні госці сустрэліся з мэрам Мікалаем Ладуцькам, а таксама наведалі бальніцу і прамысловыя прадпрыемствы. Сёння візіт прадоўжыўся ва ўніверсітэце фізічнай культуры і сталічных школах.

Падрабязнасці ў Аляксея Кандраценкі.


Простая і зразумелая мова японскага танца даступная ўсім. Ансамбль Сузаку расказвае на ёй пра сваю Радзіму. Роля міжкультурнага правадніка - у салісткі Ганны. Беларуска ўжо некалькі гадоў жыве ў Краіне ўзыходзячага сонца.


Ганна Кукса, удзельніца ансамбля Сузаку (Сендай, Японія): Зразумець японскую культуру складана, але калі ты танцуеш, слоў не патрэбна. Рухі, вочы - гэтага дастаткова.


Універсітэт фізічнай культуры - даўні партнёр сендайцаў. Спорт - ўдалы прыклад беларуска-японскай дружбы.


Аляксей Гататулін, першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры: Мы падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве. Японскія выкладчыкі праходзяць стажыроўку ў нас, а нашы стажыруюцца ў Японіі. Адбываецца абмен навуковай інфармацыяй, навучальна-метадычнай.


За два дні візіту дэлегацыя з горада-пабраціма наведала некалькі сталічных прадпрыемстваў. Асаблівую цікавасць - да вытворчасці прыбораў радыяцыйнага кантролю. Беларуская тэхніка запатрабаваная - наступствы аварыі на АЭС у Фукусіме адчуваюцца. Зрэшты, на сустрэчы з мэрам Мінска больш абмяркоўвалі перспектывы супрацоўніцтва.


Мікалай Ладуцька, старшыня Мінскага гарвыканкама: Мы ўжо 2 гады прымаем дзяцей на аздараўленне. І ў наступным годзе мы прадоўжым. Гэта маленькая падтрымка, хутчэй, сімвал, але сімвал вельмі важны.


Ацукі Масатосі, кіраўнік гарадской асамблеі (Сендай, Японія): Мы ўпэўненыя, што гэтыя сустрэчы толькі ўмацоўваюць дружбу паміж гарадамі. Нашы добрыя адносіны будзем працягваць мы і нашы дзеці.


Пажаданні ў кнізе ганаровых гасцей і традыцыйны абмен падарункамі - не фармальныя, а шчырыя знакі сяброўства.


Зладжана як гадзіннік ў Сендайскім скверы, мінчане і сендайцы супрацоўнічаюць вось ужо 4 дзесяцігоддзі. Па хранометры з двайным цыферблатам, падораным японцамі 11 гадоў таму, і зараз звяраюць час бізнесмены, медыкі і гуманітарыі дзвюх краін. Дарэчы, хутка тут з'явіцца яшчэ адзін падарунак сендайцаў. Да 40-годдзя ўстанаўлення пабрацімскіх сувязяў у сталіцы высадзяць 40 кустоў азаліі.