Мінск і Кішынёў сёння звязалі прамымі авіязносінамі

30 октября 2018

Зараз шлях з беларускай сталіцы ў малдаўскую займае ўсяго паўтары гадзіны. Палёты будуць выконвацца пяць разоў на тыдзень. Наш карэспандэнт Аляксандр Харавец стаў адным з першых пасажыраў новага рэйса. 

Без перасадак дабрацца з Мінска ў Кішынёў да цяперашняга часу можна было толькі на цягніку. А гэта, на хвіліначку, суткі з невялікім і толькі ў плацкартным вагоне. Кошт білета - больш як 80 рублёў. На самалёце ў 2 разы даражэй. Але ў гэтым выпадку эканоміцца самае каштоўнае - час. Усяго паўтары гадзіны палёту - і вы ў сталіцы Малдовы.

Вось так надвор'е ледзь не сарвала гэткі доўгачаканы рэйс у краіну вінаграднікаў. Гэтай раніцай туман агарнуў Кішынёў. Зрэшты, нялётны прагноз і ўсяго 90 лішніх хвілін чакання не сапсавалі настрой пасажыраў. Паводле слоў Аляксея Патапенкі, прамога авіярэйсу ён чакаў апошнія тры гады. Па працы бывае ў Малдове раз на месяц. Да гэтага прыходзілася лятаць праз Кіеў або Маскву.

Адкладалі адкрыццё прамога авіярэйсу толькі па эканамічных меркаваннях, расказвае намеснік генеральнага дырэктара кампаніі "Белавія". Ігар Чаргінец падкрэслівае: перавозіць паветра - занадта дорага. Але пасля таго як з малдаўскага рынку сышлі канкурэнты, нішу хутка занялі беларусы. І ўсяго за тры тыдні арганізавалі рэйс па новым маршруце. Дарэчы, для нацыянальнага авіяперавозчыка гэта ўжо 51 рэгулярны кірунак.

У палёт па новым маршруце з Мінска адправіліся 64 пасажыры. Сустракаў беларускі борт прэм'ер-міністр Малдовы. І ўжо ў інтэрв'ю нашаму тэлеканалу Павел Філіп прызнаецца: новы рэйс не толькі паспрыяе ўмацаванню бізнес-кантактаў, але і яшчэ больш зблізіць нашы народы. А заадно паскорыць выкананне дамоўленасцяў, дасягнутых на вышэйшым узроўні падчас красавіцкага візіту беларускага лідара ў Малдову.

Акрамя таго, цікавяць малдаван і пастаўкі нашага медабсталявання, сельскагаспадарчай і будаўнічай тэхнікі. Гэтыя пытанні таксама абмяркуюць падчас візіту Паўла Філіпа ў нашу краіну. Дарэчы, кіраўнік малдаўскага ўрада, як і яшчэ 92 пасажыры, якія ляцелі ў Мінск, ужо паспелі ацаніць камфортны пералёт. У беларускую сталіцу прэм'ер-міністр прыляцеў з афіцыйным візітам - на сустрэчу асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. І паабяцаў прыняць тысячнага пасажыра з Мінска ва ўрадзе. А заадно паказаць усю прыгажосць краіны вінаграднікаў. І, здаецца, чакаць гэтага моманту нядоўга. Бо лятаць у Кішынёў "Белавія" будзе пяць разоў на тыдзень.