Мінск рыхтуецца прыняць Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі

13 апреля 2016

Ён пройдзе пры ўдзеле прадстаўнікоў больш як 30 расійскіх рэгіёнаў. Парадак мерапрыемства сёння абмяркоўвалі ў Мінску з кіраўніцтвам Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі. Сёлета цэнтральнай тэмай сустрэч стане правядзенне ўзгодненай сацыяльнай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве. Акрамя таго, у праграме - больш як дзясятак спецыялізаваных мерапрыемстваў. Сярод іх - міжнародная выстава "Белагра", дні Масквы ў Мінску, а таксама тэлемост паміж ВНУ беларускай і расійскай сталіц.

Анатоль Русецкі, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі:

"У сакавіку Вышэйшы Дзяржсавет зацвердзіў прыярытэтныя кірункі і задачы па развіцці Саюзнай дзяржавы. І ў гэтых кірунках пазначаныя і стварэнне агульнай навукова-тэхналагічнай вытворчасці, і стварэнне агульнай міграцыйнай прасторы, і ўзгодненыя дзеянні ў галіне аховы здароўя".

Сёлета Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе 7 і 8 чэрвеня ў Мінску на пляцоўках беларускіх ВНУ і Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама ў Нясвіжы. Чакаецца, што ўдзел у ім возьмуць і кіраўнікі дзяржаў Беларусі і Расіі.