Мінск рыхтуецца адзначыць Дзень Незалежнасці

18 июня 2014

Беларусь рыхтуецца да святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Цэнтральнай падзеяй Дня Незалежнасці стане святочны парад у Мінску. Чарговы этап падрыхтоўкі зараз праходзіць на аэрадроме Ліпкі пад Мінскам. Механізаваная калона пачала асноўную фазу трэніровак. Дваццаць парадных разлікаў, гэта каля 240 адзінак тэхнікі, праходзяць дзясяткі кіламетраў за дзень з адной толькі мэтай - каб 3-га ліпеня ўсё было дакладна і зладжана. Па традыцыі, сёлета перад трыбунамі гледачоў праедзе тэхніка Вялікай Айчыннай вайны. У тым ліку рэтратанкі, якія прыбылі ў Беларусь з расійскага музея. Гэта Т-38 і Т-60.


Даўжыня параднага разліку тэхнікі сёлета больш за 1,5 кіламетра. Гэтую адлегласць баявыя машыны праходзяць за 8 хвілін. Наступныя трэніроўкі плануюць правесці ўжо ў мяжы горада. Чакаецца, што 26-га і 28-га чэрвеня ваенная тэхніка будзе ўдзельнічаць у генеральных рэпетыцыях на сталічным праспекце Пераможцаў.


А сёння ўвечары ў раёне стэлы Мінск - горад-герой пройдзе рэпетыцыя роты ганаровай варты. Рух на ўчастку ад вуліцы Даўмана да праспекта Пераможцаў зноў перакрыюць з 10-ці вечара да паўночы. Такія трэніроўкі тут пройдуць таксама 21-га і 23-га чэрвеня.