Мінск рыхтуецца да сустрэчы Новага года

20 ноября 2015

Святочныя вітрыны, новыя ёлкі і святлодынамічныя ўпрыгажэнні. Мінск рыхтуецца да сустрэчы Новага года. Мантаж цэнтральных навагодніх ёлак пачаўся. Каркасы выраслі ўжо каля Палаца спорту і ў парку імя Паўлава. А мантаж цэнтральнай гарадской ёлкі на Кастрычніцкай плошчы плануецца пачаць літаральна праз тыдзень. Дарэчы, сёлета галоўная ёлка кардынальна зменіць выгляд. Надзея Сербіненка ведае, як будзе выглядаць святочны Мінск.

У мастацкай майстэрні буйнога ўнівермага зараз напружаная пара. Дызайнеры і афарміцелі да 1 снежня павінны паспець упрыгожыць не толькі вітрыны, але і гандлёвыя залы. Тэматыка - святочная, таму ўсе ўпрыгажэнні ззяюць і зіхацяць.

Гэтыя падарункавыя скрынкі праз некалькі дзён зоймуць сваё месца ў вітрынах на вуліцы Леніна. Чырвона-залатая, класічная каляровая гама ўдала ўпішыцца ў агульную канцэпцыю дэкору.

Канцэпцыя афармлення вытрымана ў цыркавой стылістыцы. Сюжэт вітрын нагадвае выступленне на арэне. Фокуснікі, эквілібрысты, пап-корн - уся атрыбутыка адпавядае абранай атмасферы. Дарэчы, інвентар мастакі пазычылі ў сапраўдным цырку.

Атмасфера Новага года ўжо адчуваецца і на вуліцах горада. Дызайнеры Мінскрэкламы распрацавалі канцэпцыю святочнага дэкору - пераважаць будуць белы, жоўты, зялёны і блакітны колеры. Гарадскія дызайнеры ўпершыню выкарыстаюць і так званыя святлодынамічныя панелі. Ззяючыя дыскі розных колераў створаць агульную кампазіцыю, якая будзе пералівацца на святле.

Новы выгляд сёлета набудзе галоўная ёлка краіны. Штучнае дрэва на Кастрычніцкай плошчы зменіць форму - звыклы конус стане рэльефным. Зараз работнікі Мінскрэкламы манціруюць новы каркас.

Да пачатку снежня ў Мінску “вырастуць” 24 ёлкі а ўсіх раёнах горада. А 12 снежня адкрыюцца святочныя кірмашы. На Кастрычніцкай плошчы і ля Палаца спорту разгорнецца самы вялікі калядны кірмаш.