Мінск рыхтуецца да святкавання Дня Незалежнасці

30 июня 2015

Галоўная ўрачыстасць адбудзецца ля стэлы, трэцяга ліпеня тут пройдзе гала-канцэрт “Мы, беларусы, – мірныя людзі”. Па традыцыі цэнтральнай пляцоўкай для святкавання стане Палац спорту. Тут разгорнецца самы вялікі кірмаш на 13 500 “квадратаў”. Падрабязная карта з народнымі гуляннямі ў Аляксандры Драгун.

 

Захапляльнае танга руж у Батанічным садзе, падарожжа на цягніку па сасновым бары і канцэрт у парку Чалюскінцаў.  Гэта толькі частка праграмы, якую падрыхтавалі ў Першамайскім раёне да Дня Незалежнасці. Прычым гулянні распачнуцца  ўжо заўтра.

На марафон запрашаюць асілкаў 3 ліпеня ў Фрунзенскі раён. Гіру на 16 кілаграмаў будуць падымаць на працягу 3 гадзін. Асноўныя гулянні ў самай густанаселенай частцы сталіцы пройдуць у скверы Данілы Сердзіча і парку 60-годдзя Кастрычніка.

Традыцыйна цэнтральнай пляцоўкай для святкавання стане Палац спорту. Святочная праграма “Ганаруся табой, Беларусь” пачнецца ў адзінаццаць і завершыцца ўвечар а дзясятай гадзіне. Галоўная ўрачыстасць адбудзецца ля стэлы. Трэцяга ліпеня тут пройдзе гала-канцэрт “Мы, беларусы, – мірныя людзі”. А пасля ў адзінаццаць вечара разам спяваем гімн. Вулічныя артысты, музыканты і рамеснікі збяруцца апоўдні ў Верхнім горадзе. Творчасцю будуць радаваць да пяці вечара.

Спаборніцтвы ў веласіпедным спорце,  веславанні на байдарках і каноэ... У Дзень Незалежнасці Мінск спартыўны аб’яднае прыхільнікаў актыўнага адпачынку. У кожным раёне горада паставяць для заняткаў спартыўныя пляцоўкі. Усяго больш за трыццаць. А тут, каля Палаца спорту, будуць выбіраць наймацнейшых мужчын і нават паспрабуюць ўстанавіць новыя рэкорды.

А каб былі сілы на новыя дасягненні, падсілкавацца прапануюць нацыянальнымі стравамі. Кірмашы і часовыя кафэ адкрыюць у кожным раёне горада. Самая ж вялікая пляцоўка для гандлю будзе на трынаццаць з паловай тысяч “квадратаў” ля Палаца спорту.

Да свята Незалежнасці застаецца два дні, але Мінск ужо гатовы да ўрачыстасці. Гарадскія вуліцы і магістралі ўпрыгожаны рознакаляровымі стужкамі і тэматычнымі білбордамі. Артысты, музыканты, рамеснікі, аніматары рыхтуюць свае праграмы, каб захапляць мінчан і гасцей усе выхадныя.