Фестываль харавога мастацтва, турнір па сілавым экстрыме, вязаны бульвар і кірмаш шакаладу. На 12-га верасня ў кожным раёне сталіцы запланавана разнастайная праграма. На зялёнай пляцоўцы на скрыжаванні вуліцы Машэрава і праспекта Пераможцаў будуць ладзіцца сярэдневяковыя рэканструкцыі, а ля Ратушы на працягу двух дзён будуць гучаць спевы і мілагучныя акорды аркестра. Завершыцца свята горада феерычным шоу. Расклад мерапрыемстваў - у Аляксандры Драгун.
Да свята горада застаецца амаль тры тыдні, а святочная праграма на другія выхадныя верасня гатовая. Па традыцыі галоўнай пляцоўкай для народных гулянняў стане тэрыторыя ля Палаца спорту і набярэжная Свіслачы. Тут усталююць самую вялікую сцэну для музычнага афармлення ўрачыстасці. Пад адкрытым небам разгорнуцца гандлёвыя рады, мабільныя кафэ і інтарактыўныя пляцоўкі для адпачынку.
Разам з сярэдневяковымі рыцарамі штурмаваць крэпасць прапануюць на зялёнай пляцоўцы на скрыжаванні вуліцы Машэрава і праспекта Пераможцаў. Гістарычныя рэканструкцыі будуць ладзіць прадстаўнікі з 6 краін. Бітва рыцараў, конныя турніры, спаборніцтвы лучнікаў і старажытныя танцы... Атмасферу розных эпох дапоўняць фолк-гурты.
Майстар-класы ад народных умельцаў, шоу па сілавым экстрыме, фестываль харавога мастацтва і ўшанаванне лепшых па прафесіі. І гэта невялікая частка святочных мерапрыемстваў, запланаваных да Дня горада. Свая насычаная праграма пройдзе ў кожным раёне сталіцы. А тут, у Верхнім горадзе, па традыцыі 9 закаханых пар стануць маладажонамі.
Акрамя гэтага ля Ратушы разгорнецца выстава народных умельцаў і шакаладны кірмаш, а на працягу двух дзён будуць гучаць спевы і мілагучныя акорды аркестра. Канцэртную праграму рыхтуюць людзі з асаблівасцямі развіцця.
Па ўпрыгожаных цэнтральных вуліцах прапануюць не прайсці - прабегчы! 13 верасня а 10 гадзіне дадуць старт "Мінскаму паўмарафону". Тут чакаюць да 20 тысяч чалавек. Напярэдадні трэба зарэгістравацца. Дзеці пераадоляць дыстанцыю 50 метраў, асабліва вынослівыя дарослыя - 10 кіламетраў!
Добрая навіна і для аматараў вулічнай гімнастыкі. Да Дня горада ў парку імя Паўлава адкрыецца самая вялікая пляцоўка для так званага стрыт варкаўта. Свае падарункі для мінчан рыхтуе і мэрыя. Новую сярэднюю школу №32 атрымаюць жыхары Каменнай Горкі, а пасля рэканструкцыі адкрыюць два корпусы 23-й паліклінікі.













