Мінск будзе пашыраць узаемадзеянне з беларусамі замежжа

8 сентября 2017

Мінск будзе пашыраць узаемадзеянне з беларусамі замежжа - пра гэта заявіў міністр замежных спраў нашай краіны. Уладзімір Макей адзначыў, што супрацоўніцтву паміж дзяржавай і беларусамі замежжа быў дадзены новы імпульс на нарадзе па пытаннях знешняй палітыкі. Яна адбылася ў Кіраўніка дзяржавы ў ліпені. Тады Прэзідэнт даручыў МЗС актывізаваць працу з беларусамі замежжа. Акрамя таго, мясцовыя органы ўлады, замежныя ўстановы праводзяць вялікую працу з суайчыннікамі ў розных сферах дзейнасці - ад культуры і эканомікі да медыцыны і высокіх тэхналогій. За апошнія гады праведзена некалькі сотняў такіх мерапрыемстваў.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: 

"Не толькі дзяржава павінна аказваць дапамогу дыяспары. Гэта павінна быць дарога з двухбаковым рухам. Дыяспары таксама неабходна зрабіць многае, каб наша краіна развівалася, каб народ меў яшчэ больш дабрабыту".

Сёння на 3-м пасяджэнні кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС падвялі вынікі сумеснай працы за год і абмеркавалі перспектывы. Гаворка ішла аб распрацоўцы дзяржаўнай стратэгіі "Беларусь - дыяспара на перыяд да 2025 года".