Міністр абароны выказаў спачуванні сваякам загінуўшага ў Пячах салдата і паабяцаў пакараць вінаватых

18 октября 2017

Сёння кіраўнік Мінабароны Беларусі пракаменціраваў гібель радавога Аляксандра Коржыча. Пазіцыя міністэрства, падкрэсліў Андрэй Раўкоў, застаецца нязменнай - няўхільнасць пакарання. Міністр запэўніў, што пакараныя будуць не толькі тыя, хто вінаваты ў смерці салдата, але і ўсе, хто бяздзейнічаў.

Ведамства падчас правядзення службовага расследавання ў 72-м аб'яднаным навучальным цэнтры выявіла парушэнні выканання службовых абавязкаў. Раўкоў падкрэсліў, што зараз самае галоўнае - аднавіць поўную карціну здарэння. Ужо ўзбуджаны крымінальныя справы ў дачыненні да сямі сяржантаў (яны падазраюцца ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў) і двух афіцэраў. Шэраг службовых асоб, звязаных з выхаваннем асабовага складу і медыцынскім абслугоўваннем, адхілены ад выканання службовых абавязкаў і звольнены з арміі. Міністр абароны выказаў спачуванні сваякам загінуўшага ў Пячах салдата і паабяцаў пакараць вінаватых.

Андрэй Раўкоў, Міністр абароны Беларусі: "Я выказваю глыбокія спачуванні бацькам Аляксандра Коржыча. Я душой, розумам, сэрцам разумею, што ўсе тыя мары, звязаныя з сынам, усе тыя планы, якія намячаліся, усе тыя мэты і задачы, якія ставіліся, іх вырашэнне, іх дасягненне - яны не будуць дасягнутыя. Сына няма. Следства разглядае тры версіі. Таму трэба даць прававую ацэнку ўсяму таму, што адбылося, каб прыняць, у тым ліку і крымінальнае, рашэнне ў адносінах да вінаватых службовых асоб".

Як стала вядома, пачаты працэс кадравага арганізацыйнага і тэхнічнага рэфармавання 72-га навучальнага цэнтра. Нагадаем, расследаванне гібелі салдата знаходзіцца на жорсткім кантролі ў Прэзідэнта Беларусі.