Прэзiдэнт даручыў узяць пад асаблівы кантроль сістэму аднаўлення здароўя ўразлівай катэгорыі беларусаў

12 мая 2020
Сёння  на нарадзе Прэзідэнт даручыў надаць асаблівую ўвагу адзінокім старым і пажылым людзям. Размова  ідзе аб перыядзе іх рэабілітацыі пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі. Асабіста міністру працы і сацабароны і ўсяму ведамству даручана ўзяць гэта пытанне пад асаблівы кантроль і наладзіць сістэму аднаўлення здароўя ўразлівай катэгорыі беларусаў. У найбліжэйшы час ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам аховы здароўя будуць вызначаны канкрэтныя санаторыі паблізу сталіцы, дзе саслабелыя пасля хваробы пажылыя людзі будуць аднаўляцца пад наглядам спецыялістаў.

Ірына Касцевіч, Міністр працы і сацабароны Беларусі:

"Асабліва ўразлівая катэгорыя грамадзян -  пажылыя і людзі з інваліднасцю. Асаблівы акцэнт і ўвага, бясспрэчна, будзе нададзена пажылым людзям, адзінокім,  у якіх няма побач блізкіх, якія маглі б аказаць ім адпаведную дапамогу.  Мінпрацы і сацабароны мае сёння дастаткова добрую базу санаторыяў менавіта для пажылых людзей і інвалідаў. Высокая матэрыяльна-тэхнічная база і перш за ўсё безбар'ернае асяроддзе,  створанае ў гэтых санаторыях, дазваляе сапраўды аказваць такія паслугі, паслугі па аздараўленні, санаторна-курортным лячэнні. Таму задача стаіць, каб ні адзін пажылы чалавек, ні адзін чалавек з інваліднасцю не застаўся без увагі. Тым, хто перанёс каранавірусную інфекцыю, максімальна дапамагчы аднавіць здароўе".

Мінпрацы сумесна з Міністэрствам аховы здароўя вывучаюць экспертную ацэнку патрэбнасці, каб спрагназаваць, колькі канкрэтна спатрэбіцца месцаў у санаторыях для рэабілітацыі пажылых беларусаў.