Міністэрства ЖКГ правяло прэс-канферэнцыю

23 ноября 2016

Адказвалі на пытанні, якія хвалююць практычна кожнага беларуса. Сума ў жыроўках. Як і за што яе налічваюць. Ці доўга чакаць субсідый. Тлумачылі і лістападаўскія новаўвядзенні. У прыватнасці, з-за спазнелых жыровак "камуналку" без пені можна плаціць да 5 снежня. Дробны шрыфт у паведамленнях пастараюцца павялічыць ужо да наступнага месяца, а таксама па-новаму прыйдзецца плаціць і праз сістэму ЕРІП. Сёння чыноўнікі Міністэрства ЖКГ адказвалі на самыя вострыя пытанні. Усе падрабязнасці - у нашага карэспандэнта Святланы Лук'янюк.

Тэма аплаты за паслугі ЖКГ сёлета б'е рэкорды ў топе навін. Перагляд сум налічэнняў, самой формы жыроўкі, а таксама жыллёвыя субсідыі. Здаецца, і месяца няма, каб журналісты не стукаліся па каментарый у профільнае міністэрства. Сёння чарговыя пытанні - адказы. Прэс-канферэнцыя першага намесніка міністра ЖКГ - пад прыцэлам тэлекамер і друкаваных СМІ.

У паштовых скрынях жыроўкі за кастрычнік пачалі атрымліваць на гэтым тыдні. Хоць раней да 25 чысла трэба было паспець разлічыцца за папярэдні месяц. Інакш за кожны дзень пратэрміноўкі бралі пеню. У лістападзе, як запэўніваюць чыноўнікі, дадатковых сум за квартплату і электраэнергію не возьмуць.

Да канца года - новы парадак аплаты без пені. За кастрычнік плацім з 26 лістапада па 5 снежня. А за лістапад - з 26 снежня да 5 студзеня наступнага года без пені.

Аднак, калі ў кагосьці назапасілася вялікая запазычанасць па квартплаце, напрыклад, за летнія месяцы, то пад гэтыя льготы яна не трапляе.

Першыя прэтэнзіі ад жыхароў па новых жыроўках за кастрычнік - занадта дробным шрыфтам надрукаваныя. Хоць месца, як бачым, звышдастаткова. Разлікова-даведкавыя цэнтры спасылаюцца на праграмнае забеспячэнне і абяцаюць, што ў наступным месяцы недахоп выправяць, літары будуць буйнейшыя.

З кастрычніка ў нас пачала працаваць сістэма безнаяўных жыллёвых субсідый. Але пакуль такі радок у новых жыроўках убачылі не ўсе. А тыя, хто паспеў, звярнуўся па дапамогу ў першай палове кастрычніка. І яго заяву разгледзеў выканкам. Але такіх адзінкі. Астатнім прыйдзецца чакаць снежня.

Нагадаю, хто можа разлічваць на грашовую падтрымку. Так званыя жыллёвыя датацыі. У першую чаргу маламаёмасныя пенсіянеры і інваліды. Іншым трэба падлічыць свой агульны сямейны даход, прычым, налічаны без выплаты падаткаў. Калі больш як 20% ад даходу - у гараджан і больш як 15% - у вяскоўцаў ідзе на аплату жыроўкі, дзяржава гатова аплаціць звышрасходы.

Праўда, за дамафон, відэаназіранне, канс'ержку і іншыя дадатковыя задавальненні прыйдзецца плаціць самім без датацый або адмовіцца.

Новаўвядзенні ў лістападзе і для тых, хто плаціць за камуналку праз Інтэрнэт. Так, падчас набору асабовага рахунку з вашай жыроўкі трэба ўвесці менавіта 10 лічбаў замест 11, як рабілі раней.

А вось плаціць за інфармацыйную паслугу (komplat.by) пакуль не трэба. У жыроўцы за кастрычнік у гэтай графе значыцца нуль рублёў, бо зараз абнаўляецца праграмнае забеспячэнне і партал часова недаступны.