Міністэрства фінансаў рыхтуе праект указа аб змяненні выплаты дарожнага збору

17 февраля 2020
Сёння Прэзідэнт прыняў з дакладам кіраўніка Мінфіна. У фокусе ўвагі  дынаміка выканання бюджэту, узровень зарплат у бюджэтным сектары і трансфармацыя методыкі іх налічэння. Мінулы год краіна спраўна плаціла па даўгах, пацвярджаючы імідж надзейнага пазычальніка, у тэрмін выконвала ўсе сацыяльныя абавязацельствы па бюджэце. Пры гэтым удалося сфарміраваць дадатковы прафіцыт дзяржказны. Ён стане фінансавай падушкай бяспекі для ўстойлівага выканання бюджэту ў будучыні. І гэта галоўны арыенцір для Мінфіна – своечасовае  і  ў  поўным аб'ёме фінансаванне ўсіх бюджэтных абавязацельстваў. 

Усе бюджэтныя абавязацельствы выканаюць у тэрмін і ў поўным аб'ёме

Бюджэт-2020 будзе дакладным у выкананні абавязацельстваў, запэўніў міністр. Для гэтага дастаткова рэсурсаў  і для выплат знешнім крэдыторам, і для фінансавання дзяржпраграм, пенсій і зарплат. Выканаюць і прынцыповае патрабаванне па ўзроўні пенсіённых выплат: яны будуць не менш за 40 % ад сярэдняй зарплаты па краіне. А бюджэтнікам забяспечаць  даходы  на ўзроўні 80 % да сярэдніх. І фонд заработнай платы мае неабходныя рэсурсы. 

Страхавы рынак рыхтуюць да працы на прасторы ЕАЭС

Асаблівая ўвага Прэзідэнта  да страхавога рынку. Новая задача - падрыхтаваць страхавыя кампаніі да працы на агульнай еўразійскай прасторы. Вырашыць яе трэба  за  два гады. А перспектыва найбліжэйшага часу - вызначыцца з парадкам спагнання  т. зв. дарожнага збору.

Новы парадак спагнання дарожнага збору

Яго адвяжуць ад тэхагляду і пры гэтым не будуць уключаць у кошт паліва. У цэлым цяперашні парадак захаваюць, але прапішуць больш справядлівы механізм выплаты з магчымасцю  льгот  для асобных катэгорый вадзіцеляў, змяненнем перыядычнасці разлікаў і эканоміяй для тых, хто гатовы аплаціць збор на больш працяглы тэрмін. Мінфін у найбліжэйшы час унясе дакумент ва ўрад.