МА вызначыла, як будзе фарміравацца кошт школьных абедаў

24 августа 2018

Для выключэння вялікай розніцы ў кошце абедаў і недапушчэння неабгрунтаванага росту цэнаў на харчаванне ў школах, каледжах і ВНУ Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю вызначыла максімальныя надбаўкі і нацэнкі для сталовых да кошту прадуктаў харчавання ад вытворцаў або імпарцёраў. Інструкцыя распрацавана па даручэнні Прэзідэнта пасля шэрагу парушэнняў. Указам Кіраўніка дзяржавы паўнамоцтвы па фарміраванні цэнаў ва ўстановах адукацыі аддадзены МАРГ. Раней надбаўкі вызначалі на ўзроўні мясцовых уладаў і да цаны не вытворцы, а пастаўшчыка, значыць пасрэдніка, што значна ўплывала на канчатковы кошт абеду.

Максімальныя гандлёвыя надбаўкі абазначаюць, што кожная сталовая сама вырашае, колькі дадаць. Іншымі словамі - можна менш, але нельга больш. На кошт абедаў будуць уплываць і адпускныя цэны ад вытворцаў на прадукты харчавання. Акрамя таго, у рамках адной школы дзеці, якія харчуюцца за кошт бацькоў, і льготнікі будуць атрымліваць аднолькавыя абеды па асартыменце.