Міні-заапарк рыхтуюць да зносу

3 апреля 2014

Такое рашэнне прынялі спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы Фрунзенскага раёна сталіцы. Пасля пазапланавай праверкі высветлілася, што гадавальнік не адпавядае патрэбным нормам. За пятнаццаць гадоў у заапарку прапісаліся сотні птушак, сярод якіх і рэдкія віды курэй, фазаны і паўліны. Да сёмага красавіка з гадавальніка патрэбна выселіць усіх птушак.

Аляксандра Драгун разбіралася ў тэме.



У двары гэтых дамоў атрымалі прапіску гусі, буслы, рэдкія пароды курэй, цеплалюбівыя паўліны і фазаны. Птушкамі цешыліся гараджане і атрымлівалі асалоду ад іх спеваў. Але менш як праз тыдзень у жывым аазісе запануе цішыня.


Леанід Аляксандравіч ніколі б не падумаў, што так хутка прыйдзецца расставацца са сваімі гадаванцамі. Але вынік пазапланавай праверкі - парушэнне санітарна-ахоўнай зоны - прымусіў думаць не пра добраўпарадкаванне міні-заапарка, а пра рассяленне птушынага гадавальніка.


Пленэры, экскурсіі і фотавыставы. За 15 гадоў міні-заапарк не толькі прытуліў птушак, але стаў пляцоўкай для даследаванняў эколагаў. Цяпер жа застаюцца лічаныя жыхары. Амаль для ўсіх знайшлі гаспадароў.


Перш чым будаваць птушыны гадавальнік, мужчына прайшоў усе інстанцыі і падпісаў 12 узгадненняў. З дакументамі ўсё было ў парадку. Але тры гады таму змяніліся санітарна-эпідэміялагічныя нормы, якім не адпавядае міні-заапарк.


Леанід Аляксандравіч усё жыццё марыў пабудаваць гадавальнік. Хобі ператварылася ў сэнс жыцця. Першым жыхаром заапарка стаў чорны крумкач па мянушцы Карлуша. А затым іншыя навасельцы хутка ўпадабалі гнёзды і шпакоўні.


Пра хараство і веліч заапарка засталіся толькі ўспаміны і фатаграфіі птушак. Цяпер кожны дзень на рахунку. Уласнымі сіламі Леанід Аляксандравіч будаваў птушыны гадавальнік, цяпер - разбірае.


Прахожыя не могуць прайсці міма, каб не запытацца пра далейшы лёс і прапанаваць сваю дапамогу.


Пакуль дакладна невядома, што пабудуюць на тэрыторыі Карлушы. Але ідэя аб стварэнні такога тыпу заапарка канчаткова не знікне. Магчыма, яго перанясуць у іншае месца.