Міні-цэнтр па бяспецы адкрылі ў Крупках

24 января 2020
Злодзей у акне, пажар на кухні і задымлены лабірынт. Некалькі гадзін таму ў Крупках адкрылі міні-цэнтр па бяспецы. Ён размясціўся ў трэцяй гарадской школе. Там арганізавалі з дзясятак інтэрактыўных заданняў і выдуманых надзвычайных сітуацый, у якія вельмі часта можна патрапіць у жыцці. У раёне падобны цэнтр першы, а ў вобласці трынаццаты. Больш маштабна такія комплексы працуюць яшчэ ў Барысаве, Валожыне, Салігорску і Нясвіжы. З месца падзей - сюжэт Наталлі Кезік.

Праверыць, як працуюць тэарэтычныя правілы на практыцы, цяпер могуць юныя ратавальнікі школьнага клуба “Іскра” ў міні-цэнтры па бяспецы, які сёння адкрыўся ў Крупках. Даніла Лебедзеў з квестам і заданнямі пазнаёміўся, цяпер сваімі ведамі і ўменнямі зможа падзяліцца з малодшымі школьнікамі. 

У цэнтры па бяспецы некалькі пакояў. Тут віртуальна можна трапіць на будаўнічую пляцоўку, дзе лопнула газавая труба, альбо на гарадскую вуліцу, дзе неабходна затрымаць злодзея. 

Далей у раскладзе бяспечнай вандроўкі   - квест у трохпакаёвай кватэры, дзе з дапамогай планшэта  ў рэжыме дапоўненай рэальнасці можна сутыкнуцца з рознымі бытавымі сітуацыямі і іх наступствамі: нявыключаныя электрапрыборы і прас, ежа, якая гатуецца на пліце без догляду. 

Сёння ў новым цэнтры праходзяць першыя экскурсіі для вучняў трэцяй школы. Затым да інтэрактыўных і бяспечных квестаў далучацца жыхары не толькі Крупак, але і суседніх раёнаў. 

Міні-цэнтр у Крупках - трынаццаты ў вобласці. Больш буйныя – рэгіянальныя - працуюць сёння ў Валожыне, Салігорску і Нясвіжы. А інтэрактыўны квест па бяспецы ў Барысаўскім абласным цэнтры за першы год работы прайшлі больш за дваццаць тысяч наведвальнікаў. 

У планах ратавальнікаў вобласці да канца гэтага года арганізаваць падобныя комплексы ў кожным раёне Мінскай вобласці. Каб пазнаёміць дзяцей на практыцы з магчымымі надзвычайнымі сітуацыямі. З разлікам на тое, што затым у рэальным жыцці такіх выпадкаў будзе менш.