Мінгарвыканкам прысвоіў назвы станцыям трэцяй і чацвёртай ліній Мінскага метрапалітэна

3 Жніўня 2016

"Прафсаюзная", "Пярэспа", "Камароўская" і "Зялёны Луг". Мінгарвыканкам прысвоіў назвы станцыям трэцяй і чацвёртай ліній Мінскага метрапалітэна. Усяго былі вызначаны назвы 19 падземных прыпынкаў. Над прысваеннем найменняў працавала спецыяльная гарадская камісія. У яе ўваходзяць гісторыкі і этнографы, архітэктары, журналісты і кіраўніцтва мэрыі. Наколькі гісторыя горада дыктуе назвы для станцый і як будзе выглядаць падземка ў будучыні?

Надзея Сербіненка – з падрабязнасцямі. Навуковец, эксперт па гісторыі Мінска Іван Сацукевіч ужо трынаццаць гадоў уваходзіць у склад камісіі, якая прысвойвае назвы мінскім вуліцам, плошчам і станцыям метро. Профіль эксперта – тапаніміка, ці навука аб гістарычным паходжанні геаграфічных найменняў. Новыя станцыі метро – "Зялёны Луг", "Камароўская" і "Пярэспа" – атрымалі свае назвы менавіта дзякуючы багатай гісторыі Мінска.

Некалькі дзясяткаў чалавек уваходзяць у склад гарадской камісіі, якая і вызначае назвы вуліц, плошчаў ці станцый метро. Архітэктары, гісторыкі, журналісты, выкладчыкі, дэпутаты прытрымліваюцца трох галоўных прынцыпаў: гістарычны, эстэтычны і арыенціровачны. Усе новыя назвы - "Слуцкі гасцінец", "Немаршанскі сад", "Вяснянка" - адпавядаюць тром аспектам.

Проста пад намі пройдзе трэцяя лінія метро. А тут – на перакрыжаванні вуліц Максіма Багдановіча і Веры Харужай - з'явіцца новая станцыя "Камароўская". Раней яе прапаноўвалі назваць "Веры Харужай" або "Кірмаш", але рабочыя назвы так і не былі зацверджаныя.

Камароўскае балота, вёска Камароўка, а пазней – аднайменнае прадмесце і тры вуліцы. Гісторыя сама падказвае назвы для новых станцый. Адпавядаць выбраным найменням павінен і інтэр'ер вестыбюля і перона. Над праектаваннем трэцяй і чацвёртай ліній метро працуе каманда архітэктараў Мінскметрапраекта. Зараз яны рыхтуюць эскізы новых станцый трэцяй лініі: "Прафсаюзнай", "Пярэспы", "Парка Дружбы народаў".

Вызначаны назвы станцый і чацвёртай лініі, якая пакуль толькі праектуецца. Яна звяжа Чыжоўку з Вяснянкай. На карце метрапалітэна з'явяцца новыя пункты: "Серабранка", "Даўгабродская", "Батанічны сад", "Друкарская", "Максіма Багдановіча" і "Алімпійская".


Папулярныя

Рэкамендуемыя

Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя