Мінчанка Лідзія Салаўёва сёння адзначае векавы юбілей

22 декабря 2016

Яна выхавала шасцярых дзяцей, 25 унукаў, 40 праўнукаў і 10 прапраўнукаў. Мінчанка Лідзія  Салаўёва сёння адзначае векавы юбілей. Амаль паўжыцця яна працавала настаўніцай. За гэты час у яе было некалькі соцень вучняў. Некаторыя з іх сёння прыехалі павіншаваць свайго першага педагога. Наш карэспандэнт Юлія Токар таксама завітала на свята.

Шчырыя святочныя віншаванні з самай раніцы чуваць літаральна з калідора… Павіншаваць любімую матулю, бабулю і нават прапрабабулю прыехалі амаль усе сваякі. Нагода - важная. У Лідзіі Іосіфаўны Салаўёвай - векавы юбілей.

Самыя маленькія праўнукі ахвотна чытаюць вершы, дзеці і ўнукі спяваюць любімыя бабуліны песні, а затым усе разам гартаюць сямейны альбом. Чорна-белыя фотаздымкі - своеасаблівы летапіс жыцця. 

Сваім клопатам і любоўю яна атуляла і сваіх родных дзяцей, і тых, каму на працягу 40-ка гадоў выкладала матэматыку, пісьмо, чытанне. Сотні выпускнікоў Лідзіі Іосіфаўны і сёння ўдзячныя ёй за веды і ўвагу. Любімыя вучні прыехалі павіншаваць сваю першую настаўніцу.

Дарогу ў вялікае жыццё са школьнай парты яна дала не адной сотні вучняў. Свая ж сям'я Лідзіі Салаўёвай таксама набліжаецца да ста. Шасцёра дзяцей, 25 унукаў, 40 праўнукаў і 10 прапраўнукаў.

Доўгажыхароў, якія перасягнулі векавую мяжу, у сталіцы – 88. І ўсе яны ўпэўненыя, што жыццёвы шлях працягласцю ў стагоддзе - вялікі дар.