Мінчанін сабраў рэтракалекцыю ў сябе на дачы

16 августа 2018

Паспрабаваць газіроўку з салодкім сіропам за тры капейкі або паставіць пласцінку і паслухаць школьны вальс. Мінчанін Дзяніс Крымцоў сабраў рэтракалекцыю ў сябе на дачы. Сярод экспанатаў - таксафон, каларытныя атрыбуты інспектараў і таксістаў савецкага часу. Многія рэчы патрабуюць рэстаўрацыі. Гаспадар аднаўляе іх самастойна.

Больш падрабязна - Юлія Токар. Толькі ля буйных універмагаў сталіцы стаяла па некалькі аўтаматаў з салодкай газіроўкай. Настальгія па дзяцінстве натхніла Дзяніса Крымцова ўзяцца за аднаўленне савецкай эпохі. Успомніць яе смак можна сёння за тры капейкі.

Яго рэтракалекцыя пачалася з патэфона і грампласцінак, якія спецыяліст па каштоўных паперах знайшоў на гарышчы на дачы. За шэсць гадоў у яго імправізаваным музеі з'явіліся аўтаматы з пітной вадой, таксафон, асобная экспазіцыя артэфактаў ДАІ і таксі.

А вось гэта ўжо амуніцыя мотаінспектара 70-ых. Вось такі дастаткова цяжкі шлем. Скураныя крагі з белымі абшэўкамі. Менавіта гэты колер быў асноўны ў форме. Яго добра бачна ў начныя гадзіны.

Дзяніс Крымцоў паказвае арыгінальны жэтон інспектара ДАІ Мінскай вобласці 1985 года. А гэта свісток-дзіркакол. Ім рабілі дзіркі ў вадзіцельскім пасведчанні за парушэнне правіл дарожнага руху. Пасля трох такіх папярэджанняў неабходна было зноў здаваць экзамен. Экспанаты гаспадар збірае сам. Іх аднаўляе і марыць адкрыць рэтракафэ ці міні-музей для экскурсій з ноткай настальгіі.