Мінчане могуць паласавацца гарачымі блінамі

12 марта 2013
Сядзібу Сямёна Міхайлавіча і Алы Уладзіміраўны турысты з-за мяжы ведаюць дзякуючы смачным і духмяным маленькім сонейкам. Менавіта блінамі яны сустракаюць і праводзяць нават самых далёкіх гасцей. Але зімой турыстычная сцяжынка да іх сядзібы пустуе. Каб не засумаваць удваіх на хутары, частаваць фірменным блюдам сёлета вырашылі ўсіх ахвотнікаў у сталіцы.

Гаспадароў нават не спалохала тое, што кухню прыйшлося абсталёўваць на вуліцы. Устанавілі дзве электрычныя пліты і падрыхтавалі самавар.
Каб накарміць мінчан, гаспадарам з сабой у сталіцу прыйшлося прывезці мех мукі і бочку варэння, а на імправізаваную кухню абавязкова запрасіць памочнікаў.
Водар гарачых бліноў з варэннем і смятанай расцягнуўся на ўвесь Верхні горад. Таму гасцей асабліва запрашаць не прыйшлося. Тым больш што ў даўніну на другі дзень масленічнага тыдня было прынята хадзіць у госці. А ўсе масленічныя абрады былі прысвечаны зводніцтву, каб праз тыдзень пасля Вялікадня згуляць шумнае вяселле.