Мінчане і госці сталіцы імкнуцца бавіць час ля вады

7 июня 2019

Плюс на тэрмометры  фактычна гоніць  людзей на пляжы.  Мінчане і госці сталіцы імкнуцца бавіць  час ля вады.  Прычым  кожны можа знайсці для сябе камфортнае месца  для адпачынку  як у горадзе, так і за яго межамі.  Святлана Чарнова даведвалася,   дзе і як правесці гарачыя выхадныя.

Будны дзень. Раніца. Тым не менш, на пляжы Заслаўскага вадасховішча, вядомага, як Мінскае мора, ужо ёсць адпачывальнікі. Паслухаць спеў птушак, пакупацца або пачытаць кнігу ў цені  дрэў сюды па спакой і супакаенне  прыязджаюць усе, хто стаміўся ад гарадской мітусні і аддае перавагу аднаўляць сілы на прыродзе.

Для загараднага  камфортнага  адпачынку ёсць усё неабходнае: урны, лаўкі, кабінкі для пераадзявання, біяпрыбіральня, альтанкі, пляцоўка для дзяцей. І галоўнае - тут сочаць за бяспекай. 

На працягу дня ўздоўж берагоў дзяжурныя ратавальнікі вось на такіх катэрах аглядаюць берагі. Супрацоўнікі не толькі сочаць за парадкам, але таксама паведамляюць аб зменах надвор'я і нагадваюць аб правілах паводзін на вадзе.

На пляжах дадаткова дзяжураць матросы. Працаўнікі АСВОДА распавядаюць, што часцей за ўсё дапамога патрэбна тым, каму, як кажуць,  мора па калена, хай і Мінскае. У зоне рызыкі і дзеці.

Так або інакш, для дзяцей і дарослых  дзейнічае агульнае правіла - купацца дазволена на спецыяльна абсталяваных пляжах. У нашай краіне больш за  паўтысячы  такіх месцаў. І 20 з іх у сталіцы.

Тыя, хто аддае перавагу купацца і прымаць ванны сонечныя з музыкай, купляюць білеты ў аквапарк. Да вады першымі імкнуцца дзеці. Дарослыя  займаюць месцы на шэзлонгах - назапасіць сонечнага цяпла пасля халоднага сезона.

А яшчэ водныя горкі, бясплатныя шэзлонгі, кругі для плавання і зоны фуд-корта. Карацей,  ёсць усё неабходнае для камфортнага адпачынку. Галоўнае - не забыць сонцаахоўны крэм, астатняе - справа за надвор'ем. А яно абяцае мінчанам і гасцям сталіцы гарачыя выхадныя.