Мільёны беларусак прымаюць віншаванні ад моцнага полу

8 марта 2018

Менавіта сёння, бадай, самы клапотны дзень для мужчын. Мільёны беларусак прымаюць віншаванні ад моцнага полу. І вось тое, што робіць гэтую дату асаблівай. У кветкавых магазінах - рэкордныя касы, а яшчэ чэргі ў сувенірных аддзелах, ажыятаж у ювелірных секцыях, небывалы попыт на парфуму і салодкія сюрпрызы. А інакш і быць не можа - усё-такі 8 Сакавіка.

Чым жа здзіўлялі і чым пакаралі прыгожую палову чалавецтва 8 Сакавіка беларускія мужчыны, распавядзе Аляксандр Харавец. Самае складанае ў гэты дзень для Юрыя Карманава не пераблытаць падарункі. Каханай жонцы Ірыне, дачкам Рыце, Леры, Вірсавіі, Тані, Каці, унучцы Ангеліне і маці Галіне. Гаворыць, жыву ў кветніку. Але каб яго ружы пахлі, за кожнай кветкай патрэбен адмысловы догляд.

І, вядома ж, толькі жанчына з'яўляецца захавальніцай сямейнага ачага, перакананы Юрый. І сёння той рэдкі выпадак, калі за вялікім сталом у доме Карманавых сабраліся адразу чатыры пакаленні. І ўжо бабуля сваёй праўнучцы можа распавесці, як калісьці яе віншавалі са святам вясны.

І так ужо некалькі дзясяткаў гадоў запар. Для Валянціны Навіцкай 8 Сакавіка - асаблівае свята. Бо вось-вось у дом увойдуць шматлікія госці, а гэта і дзеці, і ўнукі - усяго 11 чалавек. І для кожнага імкнецца спячы любімыя бліны. Праўда, старэйшы сын, Алег Навіцкі, у гэтыя выхадныя прыехаць не паспявае: усё-такі адлегласць ад Падмаскоўя да Чэрвеня вялікая. Але прыемныя сюрпрызы і падарункі для любімай мамы касманаўт рыхтуе загадзя. Як і ўсе яе дзеці.

А ў Магілёве сёння арганізавалі хросны ход у падтрымку сямейных каштоўнасцяў, мацярынства і забароны абортаў. Паводле традыцыі, шэсце стартавала ад храма ў гонар святых справядлівых Іаакіма і Ганны. Калона расцягнулася на некалькі сотняў метраў, і да яе бясконцым струменем далучаліся вернікі.

Дзясяткі патрульных аўто і каля сотні інспектараў. Віцебскія супрацоўнікі ДАІ падышлі да віншавання жанчын нестандартна. Іх пажаданні цудоўнай палове чалавецтва прыкметныя нават з вышыні птушынага палёту.

Не адсталі ад сваіх калегаў і сталічныя дарожныя міліцыянеры. Ці маглі сабе сёння ўявіць аўталэдзі, што іх спыняць супрацоўнікі ДАІ і замест штрафу выпішуць кветкавы сюрпрыз.

І ўсё ж большасць жанчын сёння чакалі не столькі падарункаў, колькі ўвагі да сябе. І самы правераны спосаб заваяваць сэрца любасных дам - падарыць букет. Але і тут прадаўцы кветак збянтэжылі мужчын чарговай порцыяй прыемных клопатаў: ад багацця і разнастайнасці цюльпанаў, руж, гіяцынтаў і мімозы ў шматлікіх разбегаліся вочы.

Толькі ў сталіцы ў святочныя дні адкрылі больш як 200 пунктаў па продажы першацветаў. Прадаўцы гавораць: кветак хопіць на ўсіх, і абяцаюць працаваць да апошняга кліента.

Сёння мужчыны сапраўды пастараліся здзівіць сваіх любасных жанчын. Усё-такі 8 Сакавіка. Але для таго каб зрабіць жанчыну па-сапраўднаму шчаслівай, неабавязкова чакаць падставы або афіцыйнага свята. Бо і 9 сакавіка, як і ўвесь наступны год, заўсёды прыемна глядзець у шчаслівыя жаночыя вочы.