Міліцыя праводзіць рэйды па выяўленні кантрафактнай піратэхнічнай прадукцыі

23 декабря 2013

Каб сама сустрэча Новага года ўсюды прайшла бяспечна, гэтымі днямі ратавальнікі наведваюць школы і распавядаюць, як правільна карыстацца піратэхнікай. Міліцыя праводзіць рэйды на рынках па выяўленні кантрафактнай прадукцыі.


Рэпартаж Уладзіміра Каралёва. Закурадымленыя сцены, паўсюль з'едлівы дым і моцны пах гару. Яшчэ паўгадзіны таму ніхто і падумаць не мог, што ў гэты снежаньскі вечар тут адбудзецца пажар па віне … ёлкі. Кароткае замыканне гірлянды, невялікая іскра і яркае ёлачнае ўпрыгажэнне ператварылася ў страшнае полымя, якое знішчыла ўсю маёмасць у доме.


Ці провад надламаўся і заіскрыў, ці гірлянда была зробленая саматужным спосабам. Зараз гэта ўжо высветліць немагчыма. Відавочна адно, каб падобных інцыдэнтаў напярэдадні свят не здаралася, ратавальнікі ідуць у школы, тлумачачы, як засцерагчы сябе і сваіх блізкіх. І калі ёлачныя гірлянды рэдкасць пры пажарах, то траўмы ад піратэхнікі - выпадак штогадовы.


Віталь Навіцкі, памочнік Міністра па надзвычайных сітуацыях: Уся піратэхніка, якая прадаецца ў Беларусі, павінна прайсці працэдуру сертыфікацыі. Гэта азначае, што яна павінна быць выпрабаваная, да яе абавязкова павінна быць інструкцыя на рускай або беларускай мове. Там апісана ўсё: як захоўваць, як выкарыстоўваць, на якую адлегласць неабходна адыходзіць.


Толькі за мінулы год у пераднавагоднія святы ад петард і феерверкаў пацярпелі 25 чалавек, кожны другі - у навагоднюю ноч. Асноўная прычына траўм - неасцярожнасць пры выкарыстанні і няякасная піратэхніка. Вялікі працэнт траўміравання і сярод дзяцей. Менавіта таму майстар-клас па запуску піратэхнікі спецыялісты паказваюць школьнікам.


За петарду або феерверк у руках у дзіцяці могуць раскашэліцца бацькі. За невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей маці або татам прыйдзецца заплаціць штраф - 1,3 мільёна. Зрэшты, у дарослых піратэхнікаў адказнасць зусім іншая.


Несанкцыянаванае выкарыстанне петард і ракет у грамадскіх месцах можа быць расцэнена як дробнае хуліганства. За гэта прадугледжаны штраф да 4 мільёнаў і нават арышт на тэрмін да 15 сутак.